Пон-дзю-Гар

Пон-дзю-Гар у студзені

Пон-дзю-Гар (фр.: Pont du Gard, літ. «мост праз Гар») — старажытнарымскі акведук, перакінуты над ракой Гардон — прытокам Роны — у дэпартаменце Гар на поўдні Францыі. Тры ярусы арак былі пабудаваны з вапняка-ракушачніка ў І ст.н.э. для забеспячэння вадой горада Нім (Nemausus) — "самага рымскага горада" за межамі сучаснай Італіі, — што ў тыя часы меў насельніцтва ў 50-60 тыс.чалавек. На сённяшні дзень Пон-дзю-Гар — самы высокі і адзін з найлепш захаваўшыхся рымскіх акведукаў. Быў уключаны у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА у 1985 годзе. Адна з найбольшых славутасцей поўдня Францыі.

Пон-дзю-Гар, намаляваны Хабертам Робертам для караля Людовіка ХVI, 1787

Пон-дзю-Гар — адно са звёнаў Німскага акведука — 50кіламетровай сістэмы падачы вады ў горад Нім з паўночных крыніц побач з пасяленнем Ucetia (сённяшні Юзас). Паколькі мясцовасць між пасяленнямі няроўная, большую частку шляху вада праходзіць пад зямлёй па звілістым маршруце, на якім ёй неабходна пераскочыць праз цясніну ракі Гардон. Вышыня трохаркавага акведука — 48,8 м, даўжыня верхня часткі — 275 м, а яе ўхіл — усяго каля 2,5 см. Увогуле ж вада, льючыся з пункта Юзас у пункт Нім, падала ўсяго на 12,6 м, і сварэнне вадасцёку з такім малых ухілам сведчыць аб найвышэйшым тэхнічным узроўні рымскіх інжынераў. Паводле сучасных разлікаў, акведук штодзённа траспартаваў 40 000 м³ вады для гаспадарак, тэрмаў, басейнаў, фантанаў Німа. Німскі акведук выкарыстоўваўся да VI стагоддзя, а яго паасобныя часткі — і пазней. Аднак, пачынаючы з IV стагоддзя, догляд акведука практычна спыніўся і гідратэхнічнае збудаванне паступова засмецілася мінеральнымі адкладамі.

Захаванасці акведука паспрыяла выкарыстанне яго як моста па-над цяснінай. За добры стан збудавання неслі адказнасць мясцовыя сеньёры і біскупы, узамен ім давалася права на спагнанне падарожнага збору. І ўсё адно, некаторыя камяні былі пакрадзены. Найбольш сур'ёзна акведук пацярпеў у XVII стагоддзі, аднак у стагоддзі наступным Пон-дзю-Гар стаў ператварацца ў турыстычную славутасць. З таго часу, каб не дапусціць разбурэння гістарычнай каштоўнасці, мясцовыя і нацыянальныя ўлады не раз рэстаўравалі акведук. Найбольшыя змены адбыліся ў 2000-м годзе, калі хаджэнне па акведуку было забаронена, а пабудовы на ім і навокал — дэмантаваны.