Поп-арт

Скульптура LOVE Роберта Індыяна

Поп-арт (англ.: pop art ад popular art — агульнадаступнае мастацтва) — кірунак, які напачатку склаўся ў мадэрнісцкім выяўленчым мастацтве, а потым стаў пашыраным у розных сферах масавай культуры 2-й паловы 20 ст.

Узнік у 1950-я г. ў ЗША і Вялікабрытаніі. Атрымаў перамогу над абстракцыянізмам на міжнароднай выстаўцы ў Венецыі (1964), дзе галоўная прэмія была прысуджана амерыканскаму мастаку Р.Раўшэнбергу за «прадметную кампіляцыю», складзеную са стракатых паштовак, абрыўкаў плакатаў, выразак з ілюстраваных часопісаў і фатаграфіі забітага прэзідэнта Дж. Кенэдзі. Прадстаўнікі поп-арта прапаноўвалі гледачу мастацтва, што аперыравала звыклымі прадметамі, вырванымі са звычайных іх сувязей з навакольнымі аб’ектамі і пададзенымі ў выпадковых, парадаксальных спалучэннях. «Новая прадметнасць», якую ў пачатку 20 ст. сцвярджаў кубізм, вярнулася ў прадметных кампіляцыях поп-арта. Звярнуўшыся да свету рэчаў, поп-арт хутка ўвайшоў у сферу сучаснай масавай культуры і злучыўся з рэкламай, дызайнам, афармленчым і сцэнічным мастацтвам.

  • Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7