Праводзячы пучок — асноўны элемент праводзячай сістэмы раслін; складаецца з ксілемы і флаэмы (у выпадку адкрытых праводзячых пучкоў маецца яшчэ і камбій).
Сустракаюцца таксама няпоўныя праводзячыя пучкі, якія складаюцца толькі з ксілемы або толькі з флаэмы. Апроч праводзячых элементаў, няпоўныя праводзячыя пучкі могуць уключаць парэнхімныя клеткі.
Праводзячы пучок развіваецца з пракамбію. Спачатку ён складаецца з толькі з першасных праводзячых тканак: протафлаэмы, якая дыферэнцыюецца самай першай, і протаксілемы, якая ўтвараецца пазней. У далейшым іх змяняюць метаксілема і метафлаэма.
У сцеблах двухдольных яшчэ да заканчэння дыферэнцыяцыі першасных праводзячых тканак з клетак пракамбію, размешчаных у сярэдняй частцы, вылучаюцца клеткі камбію. У гэтым выпадку гавораць, што праводзячы пучок становіцца адкрытым. Камбій дае пачатак другаснай ксілеме і флаэме.
|
|
Абазначэнні: ксілема флаэма камбій
|
Пучкі: A. канцэнтрычны амфікрыбральны;
B. канцэнтрычны амфівазальны;
C. складаны радыяльны;
D. калатэральны закрыты;
E. калатэральны адкрыты;
F. бікалатэральны.
|
Паводле ўзаемнага размяшчэння ксілемы і флаэмы, а таксама наяўнасці і адсутнасці камбію вылучаюць наступныя тыпы праводзячых пучкоў:
- калатэральныя праводзячыя пучкі — пучкі, у якіх флаэма размешчана звонку ад ксілемы[4]. Могуць быць адкрытымі (з камбіем) і закрытымі (без камбію). Закрытыя пучкі характэрны для аднадольных, пазбаўленых камбію.
- бікалатэральныя праводзячыя пучкі — пучкі, у якім флаэма прылягае да ксілемы звонку і знутры. Паміж вонкавай флаэмай і ксілемай знаходзіцца камбій, гэта значыць бікалатэральны пучок — адкрыты. Уласцівыя для некаторых двухдольных, напрыклад, гарбузовых.
- радыяльныя праводзячыя пучкі характэрны для каранёў. У іх экзархныя першасныя ксілема і флаэма размяшчаюцца з чаргаваннем радыяльных цяжоў. Колькасць цяжоў ксілемы заўсёды роўная колькасці цяжоў флаэмы. Паводле колькасці цяжоў ксілемы (а значыць, і флаэмы) вылучаюць:
- манархныя радыяльныя праводзячыя пучкі з 1 цяжам ксілемы і 1 цяжам флаэмы. Сустракаюцца вельмі рэдка, характэрны для некаторых відаў папараці вужоўніку.
- дыархныя — 2 цяжы ксілемы і 2 цяжы флаэмы. Найбольш распаўсюджаны тып радыяльных праводзячых пучкоў.
- тры-, тэтра-, пентархныя — з 3, 4, 5 адпаведна цяжамі ксілемы і флаэмы.
- паліархныя — з вялікай колькасцю цяжоў ксілемы і флаэмы; характэрны для аднадольных.
- канцэнтрычныя праводзячыя пучкі — адна з тканак (ксілема або флаэма) акружае іншую. Адрозніваюць:
- амфівазальныя канцэнтрычныя праводзячыя пучкі — ксілема акружае флаэму. Маюцца ў некаторых аднадольных, напрыклад, драцэн.
- амфікрыбральныя — ксілема акружана флаэмай. Характэрны для папарацей.
- Лотова Л. И. Ботаника: Морфология и анатомия высших растений. — Изд. 4-е, доп.. — М.: Книжный дом «ЛИБРОКОМ», 2010. — 512 с. — ISBN 978-5-397-01047-4.
- Лотова Л.И., Нилова М.В., Рудько А.И. Словарь фитоанатомических терминов: учебное пособие. — М.: Издательство ЛКИ, 2007. — 112 с. — ISBN 978-5-382-00179-1.