Прапалесцінскія пратэсты ва ўніверсітэцкіх кампусах — серыя акцый пратэсту у кампусах універсітэтаў ЗША і іншых краін супраць ваеннай аперацыі Ізраіля ў сектары Газа.
У ходзе палесціна-ізраільскага канфлікту ўзброеная групоўка ХАМАС распачала 7 кастрычніка 2023 года ўварванне ў Ізраіль[1]. У адказ урад Ізраіля ўпершыню за 50 гадоў абвясціў ваеннае становішча і пачаў ваенную аперацыю «Жалезныя мячы» ў сектары Газа[2]. У ходзе падзей і ізраільскі, і палесцінскі бок здзяйснялі шматлікія злачынствы і парушэнні.
Акцыі пачаліся ў красавіку 2024 года ў амерыканскіх ВНУ і распаўсюдзіліся на шэраг універсітэтаў іншых краін, уключаючы Аўстралію, Вялікабрытанію, Францыю, Індыю, Канаду і Ліван[3]. Асноўным цэнтрам руху быў Калумбійскі ўніверсітэт у Нью-Ёрку, што спарадзіла асацыяцыі з пратэстамі 1968 года[4][5][6].
Паводле даных агенцтва Анадалу, станам на 10 мая 2024 года, пратэсты ў ЗША праходзілі ў 130 універсітэтах; было арыштавана 2900 пратэстоўцаў у 61 кампусе; прынамсі ў 7 універсітэтах адміністрацыя пагадзілася пайсці на саступкі пратэстоўцам, абмежаваўшы супрацоўніцтва з Ізраілем[7].
Большасць акцый пратэсту былі мірнымі. Аднак час ад часу фіксаваліся гвалтоўныя інцыдэнты. Найбольшым гвалтам суправаджаліся пратэсты ў Калумбійскім універсітэце і Універсітэце штата Арэгон у Портлендзе, а таксама ў Каліфарнійскім універсітэце ў Лос-Анджэлесе, дзе адбыліся сутычкі паміж прапалесцінскімі і праізраільскімі пратэстоўцамі[8]. Універсітэты скардзіліся на вандалізм у дачыненні да іх уласнасці з боку актывістаў, а шэраг яўрэйскіх студэнтаў — на рыторыку актывістаў, успрыманую імі як антысемітызм[9][10][11]. Адміністрацыі ВНУ звязвалі абвастрэнне пратэстаў са з’ўленнем старонніх агітатараў, што і служыла прычынай выкліку паліцыі[12]. У большасці выпадкаў акцыі праходзілі мірна і заключаліся ў малітвах (у тым ліку сумесных арабаў і яўрэяў), дыскусіях і спевах песень[13].
Асноўнымі патрабаваннямі былі[14][15]:
Паводле апытання, праведзенага Generation Lab 3—6 мая сярод 1250 студэнтаў у ЗША, у пратэстах бралі ўдзел 8 % студэнтаў, ухвальна да іх ставіліся 45 %, нейтральна — 30 %, адмоўна — 24 %[16].
Апытанне, праведзенае брытанскай аналітычнай кампаніяй YouGov сярод 9 тыс. дарослых амерыканцаў, паказала, што да пратэстаў адмоўна ставяцца 47 % насельніцтва, а станоўча — 28 %. Траціна амерыканцаў мяркуе, што ўніверсітэцкія адміністрацыі былі недастаткова жорсткімі ў дачыненні да пратэстаў, празмернымі прынятыя меры палічылі 16 % апытаных, рэакцыю ацанілі як адэкватную 20 %, астатнія не змаглі адказаць[17].