Пратэразой | |
---|---|
МФА | /ˌproʊtərəˈzoʊɪk/ |
Папярэдні ў спісе | архей[1] |
Наступны ў спісе | фанеразой[1] |
Дата пачатку | каля 1794968 тысячагоддзе[1] |
Дата заканчэння | каля 538800 тысячагоддзе да н.э.[1] |
Колер (шаснаццатковы трыплет) | F73563[2] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пратэразой (грэч. πρότερος — першы, найстарэйшы, грэч. ζωή — жыццё) — геалагічная эпоха, якая ахоплівае перыяд ад 2500 да 541,0 ± 1,0 млн гадоў назад. Разглядаецца як асобны геалагічны эон, што прыйшоў на змену архею і стаў самым працяглым у гісторыі Зямлі[3]. Таксама разам з археем уключаецца ў дакембрый. Вызначаецца і як асобная пратэразойская акратэма (акрон)[4] або эра[5].
Эазой, эазойскі перыяд (стар.-грэч.: ἕως — світанак, эазой — світанак жыцця) — цяпер састарэлы тэрмін, прапанаваны ў 1865 годзе нямецкім геолагам Бернгардам Кота [6] (1808—1879), прафесарам Фрэйбергскай Горнай Акадэміі, у кнізе «Геалогія нашага часу» ў якасці элемента геахраналагічнай шкалы.[7] Выкарыстоўваўся Dawson, 1868 для абазначэння ўсіх дакембрыйскіх утварэнняў, галоўным чынам пратэразойскіх.[8] Уласна тэрмін пратэразой быў прапанаваны ў 1888 годзе амерыканскім геолагам Э. Эмансам[9]
Пратэразой падзяляецца на 3 эры:
З пункту гледжання развіцця жыцця архейская ды пратэразойская эры аб’ядноўваюцца ў эон — крыптазой, калі жывёльны свет быў прадстаўлены бесшкілетнымі формамі. Каля 570 млн гадоў таму назад распачынаецца новы эон — фанеразой, калі ў жывёльным свеце развіваюцца шкілетныя формы.
Да пачатку пратэразою завяршылася кратанізацыя зямной кары. Скучванне яе глыб прывяло да ўтварэння гіганцкага адзінага кантынента Пангея-0 (гл. Пангея). На працягу карэлію развіваліся протагеасінкліналі, якія падзялілі Пангею-0 на вялікую колькасць протаплатформ. У канцы карэлію (1,8—1,7 млрд г. назад) протагеасінкліналі моцна спаялі протаплатформы складкавымі сістэмамі. Утварыўся суперкантынент Пангея-1, які ў познім рыфеі распаўся на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію.
Да пачатку позняга пратэразою ў складзе Пангеі сфарміраваўся крышталічны падмурак усіх старажытных платформ. На працягу позняга пратэразою на платформах намнажаліся разнастайныя комплексы парод асадкавага чахла. Мацярык Пангея, які меў ужо магутную грана-гнейсавую аснову, раскалоўся глыбіннымі разломамі на глыбы (пліты). Там, дзе краі гэтых пліт разыходзіліся, зноў пачалі развівацца палеаакіяны (геасінклінальныя паясы). У будове сучаснай зямной кары глыбы грана-гнейсавага складу ўяўляюць сабой падмуркі старажытных платформ, што з’яўляюцца каранямі тагачасных гор. З фарміраваннем паміж кантынентальнымі глыбамі новых палеаакіянаў пачаўся якасна іншы плітны этап у развіцці Зямлі — неагей, які характарызаваўся дыферэнцыраваным геасінклінальна-платформенным тэктанічным рэжымам.
У познім пратэразоі ўзніклі і развіваліся старажытныя акіяны (Вялікія геасінклінальныя паясы): Палеаарктычны акіян (Арктычны геасінклінальны пояс), Палеаазіяцкі акіян (Урала-Мангольскі геасінклінальны пояс), Палеаатлантычны акіян (Атлантычны геасінклінальны пояс), акіян Тэціс (Міжземнаморскі геасінклінальны пояс), па краі Ціхага акіяна развіваецца па сёняшні час аднаіменны геасінклінальны пояс.
Да заканчэння позняга пратэразою з праявай байкальскага тэктагенезу, які меў дзве фазы: раннебайкальскую (позні рыфей) і познебайкальскую (венд — ранні кембрый), на месцы познепратэразойскай акіянічнай зямной кары ўзнікла маладая байкальская складкаватасць. У выніку далейшай эвалюцыі на большасці байкальскіх складкаватых сістэм заклаліся новыя геасінклінальныя паясы. Устойлівыя байкаліды ў будове сучаснай зямной кары разам са старажытнымі платформамі утварылі дакембрыйскія платформы.
У познім пратэразоі, з праявай байкальскага тэктагенезу, закончылі сваё развіццё і больш старажытныя Малыя геасінклінальныя паясы: Унутрыафрыканскі і Бразільскі, у выніку чаго канчаткова кансалідаваўся паўдневы мацярык Гандвана. У будове сучасных мацерыкоў, якія ўзніклі пасля расколу Гандваны, вылучаюць Амерыканскую, Афрыканскую, Iндастанскую, Аўстралійскую і Антарктычную платформы. Старажытнымі называюць іх умоўна, правільна ж іменаваць дакембрыйскімі. Да праявы байкальскага тэктагенезу платформы існавалі ў іншым выглядзе: Паўднёва-Амерыканская; Усходне-Бразільска-Паўночна-Афрыканская; Паўднёва-Афрыканска-Iндастанска-Аўстралійска-Антарктычная. Пасля таго як Гандвана праіснавала ўвесь палеазой у выглядзе цэльнага мацерыка, у мезазоі яна распалася па рыфтавых структурах.
Мяркуюць, што арганічны свет ранняга пратэразою быў даволі разнастайны. Абагачэнне атмасферы кіслародам за кошт жыццядзейнасці водарасцей напачатку пратэразою справадзіла з’яўленне мнагаклетачных арганізмаў яшчэ без дыферэнцыраваных тканак. Найбольш прымітыўнымі з іх былі парыферы, пазней паявіліся кішачнаполасцевыя, што мелі экта- і эндадэрмы, якія ў далейшым далі пачатак розным тканкам.
У познім пратэразоі сіне-зялёныя водарасці былі асноўнымі пародаўтваральнымі арганізмамі вапнякоў. Верагодныя рэшткі жывёл вядомы толькі з адкладаў венду (вярхоў верхняга пратэразою), у якіх яны ўжо прадстаўлены амаль усімі тыпамі беспазваночных, праўда, прымітыўнымі формамі, без шкілетных утварэнняў. Палеанталагічны матэрыял, што знаходзіцца ў навукоўцаў, складаецца з адбіткаў мядуз, каралаў, трубачак чарвякоў, праблематычных прымітыўных іголкаскурых, двухстворкавых ракавін нейкіх ракападобных і розных арганізмаў нявысветленага паходжання з мікрасферычнымі шкілетамі. Пратэразой характарызуецца хуткай эвалюцыяй беспазваночных, да пачатку палеазою жывёльны свет прайшоў вельмі складаны і працяглы шлях развіцця.
Адначасовае паяўленне шкілета ў многіх груп жывёл, якія знаходзіліся на розных узроўнях эвалюцыі, азначае грунтоўную перабудову арганізмаў, што, павінна, было выклікана звонкавымі з’явамі. На іх перабудову, магчыма, уплывала змяненне газавага складу атмасферы ў бок памяншэння колькасці вуглякіслага газу і павелічэння кіслароду. Гэта абумовіла мяжу паміж дакембрыем і фанеразоем. Вучоныя мяркуюць, што дакембрыйскія воды адрозніваліся перанасычэннем хлорам, аміяком ці вуглякіслым газам і няўстойлівым салявым рэжымам. У такім асяроддзі, падпарадкоўваючыся чыста хімічным заканамернасцям, шкілет не мог сфарміравацца. Акісленне тагачасных атмасферных газаў першымі порцыямі кіслароду паўплывала на змяненне характару марского асяроддзя, якое стала хларыда-вапнава-фасфатным. З другога боку, утварэнне азонавага слоя забяспечыла зніжэнне ўзроўню ўльтрафіялетавай радыяцыі. Названыя фактары, верагодна, і садзейнічалі паяўленню шкілетаў у жывёл напачатку фанеразою.
Пароды пратэразою разам з архейскімі складаюць фундамент старажытных платформ і выходзяць на паверхню на шчытах (Украінскі, Балтыйскі, Алданскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах.
Паводле саставу, ступені метамарфізму і характару складкавасці пароды ніжняга пратэразою падобныя на архейскія, пераважна адпавядаюць амфібалітавай і зяленасланцавай фацыям метамарфізму, у меншай ступені праявіліся гранітызацыя і мігматызацыя; часцей трапляюцца карбанатныя пароды, розныя гнейсы і сланцы. Пароды ніжняга пратэразою прарваны інтрузіямі гранітаў і габроідаў. Для завяршальнага этапу магматызму ў пратэразоі на Балтыйскім шчыце і ў фундаменце Рускай пліты характэрны граніты рапаківі, прымеркаваныя да мяжы карэлію і рыфею.
Пароды верхняга пратэразою больш блізкія да палеазойскіх і прадстаўлены неметамарфізаванымі і слабаметамарфізаванымі тэрыгеннымі (пясчанікі, кварцыты, кангламераты, гліны, аргіліты), карбанатнымі (вапнякі, мармур) і вулканагеннымі адкладамі.
У асадкавых пародах пратэразою пашыраны (пераважна ў верхнім пратэразоі) арганічныя рэшткі — прадукты жыццядзейнасці бактэрый, цыянабактэрый і сіне-зялёных водарасцей (страматаліты, анкаліты, фіталіты). У познім рыфеі прысутнічаюць рэшткі мікрафлоры, у вендзе — мнагаклетачных бесшкілетных жывёлін — чарвей, медузоідаў і інш.
Ранні пратэразой быў часам жалезаруднага назапашвання (напрыклад, Крыварожскі жалезарудны басейн, Курская магнітная анамалія, Аколаўскае радовішча жалезных руд.
На поўдні Афрыкі ў гэты ж час утвараліся золата-ўрана-пірытавыя кангламераты.
Позні пратэразой вядомы жалезнымі рудамі (напрыклад, Урал), медна-поліметалічнымі рудамі (напрыклад, Аўстралія), а таксама ўранавымі, кобальтавымі, меднымі, алавянымі рудамі.
Пратэразой на Вікісховішчы |