Прытча аб сейбіце (таксама часам можа называцца прытчай пра глебу) — адна з прытчаў Ісуса Хрыста. Апавяданне змешчана ва ўсіх трох сінаптычных Евангеллях: Мк. 4:1-20, Мф. 13:1-23 і Лук. 8:1-15. Прытча апавядае пра сейбіта, які на раллі сеяў насенне, а таксама на шляху, на скальным грунце і ў церні; частка насення была страчана, а тая, што ўпала на добрую зямлю, вырасла і прынесла плён у трыццаць, шэсцьдзесят і сто разоў.
Біблейскае апавяданне прытчы, згодна з Евангеллем ад Марка 4:1-20, мае наступны змест:
Слухайце: вось, выйшаў сейбіт сеяць; і калі сеяў, сталася так, што іншае ўпала ўскрай дарогі, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое; іншае ўпала на камяністую мясціну, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была там не глыбокая; а калі ўзышло сонца, завяла і, як не мела карэння, засохла; іншае ўпала на церне, і церне вырасла і заглушыла насенне, яно не дало плоду; а іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла тое трыццаць, тое шэсцьдзясят і тое сто. І сказаў ім: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
Далей Ісус дае тлумачэнне прытчы:
Калі ж застаўся без людзей, усе, хто быў вакол Яго разам з дванаццаццю, спыталіся ў Яго пра прытчу. І сказаў ім: вам дадзена ведаць тайны Царства Божага, а тым, вонкавым, усё бывае ў прытчах, каб яны сваімі вачыма глядзелі, і не ўбачылі; сваімі вушамі чулі, і не ўразумелі, каб не навярнуліся, і не дараваны былі ім грахі. І кажа ім: не разумееце гэтай прытчы? як жа вам уразумець усе прытчы?
Сейбіт слова сее. Пасеянае ўскрай дарогі азначае тых, у якіх сеецца слова, але да якіх, калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана і хапае слова, пасеянае ў сэрцах іхніх. Такім самым чынам і пасеянае на камяністых мясцінах азначае тых, якія, калі пачуюць слова, адразу з радасцю прымаюць яго, але не маюць у сабе кораня і нясталыя; потым, калі настане ўціск і ганенне за слова, адразу спакушаюцца. Пасеянае ў церне азначае тых, што чуюць слова, але ў якіх турботы веку гэтага, панада багацця і іншыя жаданні, уваходзячы ў іх, заглушаюць слова, і яно бывае без плоду. А пасеянае на добрай зямлі азначае тых, якія слухаюць слова і прымаюць, і родзяць плод, адзін у трыццаць, другі ў шэсцьдзясят, той ўстакроць.
Большасць навукоўцаў лічыць, што прытча мае аптымістычны настрой: у рэшце рэшт насенне становіцца паспяховым, укараняецца і прыносіць вялікі ўраджай. Ісус кажа, што Ён вучыць прытчамі, таму што хоча, каб не ўсе зразумелі Яго, а толькі Яго паслядоўнікі. Нягледзячы на просты змест, прытча мае глыбокі духоўны сэнс.
Паводле прытчы, сейбіт сее насенне, пад якім разумеецца Божае слова. Сам жа сейбіт сімвалізуе Бога ці самога Ісуса Хрыста. Насенне падае на розныя віды глебы. Пад рознымі тыпамі глебы разумеюцца розныя тыпы людзей, іх намер, жаданне і канчатковы вынік уздзеяння Божага слова. Так, калі насенне падае пры дарозе, то апавядаецца пра людзей, якія слухаюць слова, але прылятаюць нябесныя птушкі і дзяўбуць яго, пад чым разумеецца, што прыходзіць сатана і выкрадае слова, — такім чынам, у сэрцы гэтых людзей вера нават не зараджаецца. Далей частка зярняткаў пападае на каменні, дзе яны могуць узрасці, але паколькі глебы мала, то хутка вянуць. Гэты род глебы сімвалізуе людзей, якія прымаюць Божае слова, але з першымі ж выпрабаваннямі адказваюцца ад яго. Далей насенне пападае ў сорную траву, яно ўзрастае, але церне не дае прынесці плён. Церне сімвалізуе жыццёвыя турботы, калі людзі адварочваюцца ад Божага слова на карысць паўсядзённага жыцця. І ў рэшце рэшт, насенне падае на добрую глебу і прыносіць вялікі ўраджай, што прадстаўляе тых людзей, якія чуюць слова, па-сапраўднаму разумеюць яго і прыносяць шматразовы плён.
У прытчы паказваецца Бог, які рассявае Сваё вучэнне сярод усіх людзей, аднак тое, ці атрымаецца ад пасеянага слова плён, залежыць ад самога чалавека.