Публічнае права — сукупнасць галінаў права, якія рэгулююць адносіны, звязаныя з забеспячэннем агульнага (публічнага) або агульнадзяржаўнага інтарэса. У публічна-прававых адносінах бакі выступаюць як юрыдычна нераўнапраўныя. Адным з такіх бакоў заўсёды выступае дзяржава альбо яе орган (службовая асоба), надзеленая ўладнымі паўнамоцтвамі; ў сферы публічнага права адносіны рэгулююцца выключна з адзінага цэнтра, якім з'яўляецца дзяржаўная ўлада. Характар паводзінаў бакоў у прыватнаправавых адносінах вызначаецца самімі ж бакамi.
Для нормаў, інстытутаў і галін публічнага права найбольш уласцівы імператыўны метад. Адпаведна, галіны прыватнага права грунтуюцца на дыспазітыўнасці. Адсюль, калі крыніцай публічнага права, галоўным чынам, з'яўляецца нарматыўна-прававы акт (статутнае права), то ў галінах прыватнага права значную удзельную вагу займаюць дамовы. Прыватнае права — гэта вобласць свабоды, а не неабходнасці, дэцэнтралізацыі, а не цэнтралізаванага рэгулявання. Публічнае права — гэта сфера панавання імператыўнага пачатку, неабходнасці, а не аўтаноміі волі і прыватнай ініцыятывы.
Да галінаў публічнага права адносяцца: канстытуцыйнае права, адміністрацыйнае права, фінансавае права, крымінальнае права, экалагічнае права, крымінальна-працэсуальнае права і грамадзянска-працэсуальнае права.