Пы́рнік[3] (Elytrigia) — род кветкавых раслін сямейства Метлюжковыя (Poaceae).
Шматгадовыя, пераважна карэнішчавыя травы вышынёю 30—150 см. Сцёблы ўзыходныя, унутры полыя. Лісце чаргаванае, пляскатае або ўздоўж згорнутае, вузкалінейнае, шурпатае, шыза-зялёнае ці шараватае. Кветкі дробныя, сабраныя ў агульнае суквецце — рыхлы колас. Плод — зярняўка.
Адрозніваецца каля 30 відаў (каля 50, 5 відаў[7]). Пашыраны ва ўмераным і халодным клімаце. На тэрыторыі Беларусі не сустракаецца. Два віды, якія раней уваходзілі ў род і маюць традыцыйныя беларускамоўныя назвы са словам пырнік цяпер уключаюцца ў род пырнічнік (Elymus): пырнік паўзучы (Elymus repens) і пырнік сярэдні (Elymus hispidus), яны трапляюцца на лугах, лясных палянах, узлесках, палях і агародах.
Некаторыя віды культывуюцца як кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца ў селекцыі мароза- і холадаўстойлівых пшанічна-пырнікавых гібрыдаў.