Пырнік паўзучы | |||||||||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||||||||
Elymus hispidus | |||||||||||||||||||||||
Сінонімы | |||||||||||||||||||||||
Elymus repens
| |||||||||||||||||||||||
|
Пы́рнік паўзучы[1][2][3][4] (Elymus hispidus) — шматгадовая травяністая расліна, від роду пырнічнік (Elymus) сямейства Метлюжковыя (Poaceae), раней уключаўся ў род Пырнік (Elytrigia)[3][4][5] сямейства Метлюжковыя (Poaceae).
Пырнік паўзучы, пыр’як[6], пырый, пыр’я, жытвіц, ніўка, пырнікавая барана[7][8][9][10].
Шматгадовая расліна[2] з валасніковістай каранёвай сістэмай даўжынёй да 100 см. Карэнішчы доўгія, паўзучыя гарызантальныя[2], залягаюць на глыбіні ад 5 да 15 см, пераважна на глыбіні 10—12 см.
Сцябло гладкае, вышынёй ад 40 да 150 см, галінастае ад вузла кушчэння.
Лісце вузкалінейнае, шурпатае, шэра-зялёнае[2], 15—40 см даўжынёй, шырынёй 3—10 мм ля аснавання расліны і 2—8,5 мм вышэй па сцябле.
Кветкі (ад 3 да 8) дробныя, сабраны ў каласкі даўжынёй 1-2 см, шырынёй 5-7 мм і таўшчынёй 3 мм. Каласкі сабраны ў рэдкі прамы[2] рыхлы колас даўжынёй ад 10 да 30 см. Каласковая і ніжняя кветкавая луска[2] паступова звужваюцца да верхавіны і пераходзяць у осць. Формула кветкі:. Квітнее ў чэрвені-ліпені[2].
Плод — зярняўка. Размнажаецца вегетатыўна карэнішчамі[2] і насеннем (да 350 з расліны). Расце на друзлых глебах[2].
Паходзіць з Еўропы, Паўночнай Афрыкі і Азіі. У Беларусі[2] расце паўсюдна.
Натуралізаваны па ўсім свеце, у многіх месцах лічыцца злосным пустазеллем. Засмечвае пасевы ўсіх сельскагаспадарчых культур, сады, агароды, лугі, пашы[2]. Для знішчэння ва ўмовах агарода ўжываюць перакопванне глебы з выдаленнем карэнішчаў уручную, мульчаванне . Па-за глебай карэнішчы пырніка хутка высыхаюць і гінуць.
Лісце служаць кормам для многіх траваедных. Насенне ядуць некаторыя птушкі, напрыклад пуначка. З’яўляецца кармавою раслінай вусеняў розных матылёў, у тым ліку віду Thymelicus lineola.
У навуковай медыцыне траву і карэнішчы ўжываюць як мачагонны, патагонны, адхарквальны і слабы слабільны сродак.
Сок свежага лісця выкарыстоўваюць для лячэння прастуды, бранхіта, запалення лёгкіх, жоўцева- і мачакаменнай хваробы, астэахандроза, фурункулёза.
Высушаныя карэнішчы пырніка паўзучага (Rhizoma graminis) утрымліваюць малавывучаныя гліказіды, слізь і іншыя поліцукрыды, галоўным з якіх з’яўляецца трытыцін[2]. Акрамя гэтага ў складзе знойдзены фруктоза, маніт , іназіт, аграпірэн, глюкаванілін, тлусты алей, сляды эфірнага алею, аскарбінавая кіслата, карацін, сапанін[2].
Ужываюць у выглядзе адвару як супрацьзапаленчы сродак пры рэўматызме, падагры, запаленні мачавога пузыра, нырачнакаменнай хваробе, скурных высыпаннях[2][11].
Ужываецца ў ежу (свежыя і высушаныя карэнішчы). Размолатыя карэнішчы даюць муку, з якой можна рыхтаваць напоі, піва.
Каштоўная кармавая расліна. Лугавое і пераложнае сена, скошанае да цвіцення, адрозніваецца высокімі пажыўнымі ўласцівасцямі. На пашах пырнік есца усімі відамі жывёлы, лічыцца малакагонным сродкам для кароў. У фазе цвіцення змяшчае 9 % бялка, 2,7 тлушчу, 31 абалоніны, 47 % безазоцістых экстрактыўных рэчываў. Ураджай сена на пакладах вагаецца ад 6 да 15 (26) ц/га, на заліўных лугах — 20-60 ц/га.
Нарыхтоўваюць карэнішчы ранняй вясной ці восенню[2] пры ўзворванні пакладаў, здабываючы іх баронамі або выкопваючы рыдлёўкамі. Затым абразаюць надземныя часткі і карані, а карэнішчы мыюць у халоднай вадзе. Сушаць на гарышчах ці пад навесамі, рассцілаючы тонкім пластом на паперы або тканіны і перыядычна змешваюць[2]. Сыравіну пакуюць ў мяшкі па 40 кг. Захоўваюць у сухіх, добра ветраных памяшканнях. Гатовая сыравіна складаецца з карэнішчаў ці іх кавалкаў таўшчынёй 2 мм, водар адсутнічае, смак злёгку салодкі[2].