Пэйсы

Артадаксальны яўрэй з доўгімі пэйсамі

Пэ́йсы (іўр.: פאות) — доўгія непадстрыжаныя пасмы валасоў на скронях, традыцыйны элемент прычоскі артадаксальных і ўльтраартадаксальных яўрэяў. Паводле звычаяў іўдаізму, веруючыя мужчыны носяць пэйсы, бараду і абавязкова галаўны ўбор.

У Торы ёсць запаведзь, якая забараняе згольваць валасы на скронях. Нягледзячы на тое, што існуе прынцып, паводле якога трэба імкнуцца выканаць запаведзь па магчымасці як мага лепш, гэта адносіцца толькі да прадпісвальных запаведзяў Торы, а не да забарон. У прынцыпе, любая даўжыня валасоў на скронях дастатковая, калі відавочна, што гэта месца не выгалена. Але ў многіх абшчынах з павагі да гэтай запаведзі і жадання адрознівацца ад неяўрэйскага асяроддзя было прынята пакідаць доўгія пасмы валасоў на скронях, так званыя пэйсы.

Даўжыня пэйсаў залежыць ад традыцыі абшчыны ці мясцовасці, паколькі «Мінѓаг Ісраэль — Тора ѓу» («звычай у Ізраілі прыраўноўваецца да запаведзі Торы»), і таму кожны яўрэй сам вырашае для сябе, насіць ці не насіць доўгія пэйсы ў адпаведнасці са звычаем сваёй абшчыны.

  • Артыкул «Пеот» у Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі