Вёска
|
Пятровічы — вёска ў Расіі, на левым беразе ракі Чорная Немка. Уваходзіць у склад Шумяцкага раёна Смаленскай вобласці. Насельніцтва на 2007 год — 265 чалавек. Знаходзіцца за 21 км на паўночны захад ад Шумячаў.
Першы пісьмовы ўспамін пра Пятровічы датуецца 1450 годам сярод зямельных наданняў вялікага князя Казіміра[1]. Пад 1710 годам Пятровічы ўпершыню ўпамінаюцца як мястэчка Мсціслаўскага ваяводства, уладанне Валовічаў. У 1719 годзе з мястэчка выплачвалася чопавае ў памеры 190 злотых.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Пятровічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерні. У 1783—1785 гадах у мястэчку было 60 двароў. Пятровічы мелі квартальную забудову, аснову якой складаў Рынак царквой Святых Апосталаў Пятра і Паўла[2].
На 1887 год у Пятровічах было 132 дамы (63 хрысціянскія і 69 іўдэйскіх), дзейнічалі царква і малітоўны дом, працавалі гарбарня, вадзяны млын і фолюш.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Пятровічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Пятровічы не вярнулі БССР.
У Пятровічах захаваўся старажытны курган і рэшткі сядзібнага парку.