Пій III (лац.: Pius PP. III, свецкае імя — Франчэска Нані Тадэскіні-Пікаламіні (італ.: Francesco Nanni-Todeschini-Piccolomini); 29 мая 1439 — 18 кастрычніка 1503) — Папа Рымскі з 22 верасня па 18 кастрычніка 1503 года.
Кандыдатамі на папскі прастол на канклаве, які быў сабраны пасля смерці Аляксандра VI, былі французскі кардынал д’Амбуаз і яго сябар Джуліяна дэла Раверэ, які вярнуўся з выгнання. Ні адзін з іх не атрымаў, аднак, большасці галасоў. Рымскім біскупам быў абраны пляменнік Пія II, кардынал Пікаламіні, які да таго ж меў толькі сан дыякана. Зрэшты, ён кіраваў Святым Прастолам нядоўга, гэта значыць усяго 27 дзён. Сучасныя яму храністы сцвярджалі, што Пій III быў атручаны, але доказы гэтаму сцвярджэнню не былі знойдзены.