Пілас (грэч. Pylos / Πύλος) — старажытнагрэчаскі горад у Месенii на паўднева-заходнім узбярэжжы Пелапанеса.
Першае паселішча на месцы Піласа ўзнікла на мяжы 3-га i 2-га тыс. да н.э. У 17 ст. да н.э. — 13 ст. да н.э. Пілас — цэнтр ахейскага царства, адным з цароў якога, згодна з Гамерам, быў легендарны Нестар. Каля 1200 да н.э. горад знішчаны пажарам. Пісьмовыя звесткі аб Піласе пацверджаны адкрыццём у ходзе раскопак 1939 i 1952 гадоў магутнага палацавага комплексу на ўзгорку Эпана-Энглiанас на поўнач ад сучаснага горад Пілас. Комплекс уключаў парадныя, жылыя і гаспадарчыя памяшканні, многія з якіх былі ўпрыгожаны фрэскамі. Сярод матэрыяльных знаходак у Піласе асаблівае значэнне маюць гліняныя таблічкі з тэкстамі, напісанымі лінейным пісьмом Б.