Піралахі | |
---|---|
азерб. Pirallahı | |
![]() Астравы вакол Апшэронскага паўвострава | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 14,4 км² |
Насельніцтва | 15 900 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 1 104,17 чал./км² |
Размяшчэнне | |
40°28′24″ пн. ш. 50°19′48″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Каспійскае мора |
Краіна | |
Піралахі (азерб.: Pirallahı, літаральна «святое месца Алаха») — востраў у Каспійскім моры. Уваходзіць у склад Азербайджана. Плошча — 14,4 км². Насельніцтва (2012 г.) — 15900 чал.
Востраў Піралахі знаходзіцца каля ўсходняга ўскрайка Апшэронскага паўвострава за 42 км на ўсход ад Баку, сталіцы Азербайджана. У наш час злучаны з Апшэронскім паўвостравам дамбай (каля 1,16 км), па якой пракладзены шаша і чыгунка. Даўжыня з поўначы на поўдзень — 10,3 км. Найбольшая шырыня (на поўначы) — 3,78 км. Востраў нізкі, сфарміраваны пераважна пяскамі, суглінкамі, дробным каменнем.
Клімат мяккі засушлівы.
На самім востраве і на шэльфе каля вострава вядзецца здабыча нафты.
Востраў Піралахі быў населены ў старажытнасці. На Апшэронскім паўвостраве каля дамбы, што вядзе на Піралахі, былі знойдзены петрогліфы. Мясцовае насельніцтва займалася рыбалоўствам, здабычай нафты і парафіну.
Незвычайная назва вострава тлумачыцца тым, што ў старажытнасці ён вабіў прыхільнікаў зараастрызму. З XVIII ст. быў вядомы як Святы востраў (руск.: Святой остров). У савецкі час атрымаў назву востраў Арцём (руск.: остров Артём) у гонар бальшавіка Ф. Сяргеева, вядомага пад мянушкай "таварыш Арцём".
З 1868 г. на востраве Піралахі вядзецца прамысловая здабыча нафты. У 1902 г. геолагі, што працавалі на спадчыннікаў Нобеля абвясцілі пра адсутнасць новых прамысловых запасаў нафты. Кошты на зямлю на востраве значна знізіліся. Найбольш прывабныя для здабычы ўчасткі былі скуплены агентамі Нобеляў, пасля чаго іх фірма пачала промысел. З савецкага перыяда нафтапрамысловы комплекс належыць дзяржаве. З 1934 г. вядзецца разведка і здабыча нафты на шэльфе.
Востраў Піралахі злучаны з Апшэронскім паўвостравам сталай аўтамабільнай і чыгуначнай сувяззю. На поўдні вострава маецца верталётная пляцоўка. Насельніцтва Піралахі жыве ў аднайменным пасёлку. Аснова мясцовай эканомікі — здабыча нафты. Рыбалоўства і сельская гаспадарка адыгрываюць дадатковую ролю.
Дзякуючы блізкасці да Баку і пясчаным пляжам Піралахі з'яўляецца патэнцыяльна прывабным месцам для развіцця турызму. Распрацоўваюцца планы будаўніцтва тэхналагічнага парка.