Вывучаў юрыспрудэнцыю ва Універсітэце Нёўшатэля і скончыў яго са ступенню бакалаўра. У 1951—1952 вучыўся на працягу двух семестраў у Гейдэльбергскім універсітэце. У 1952—1977 займаўся адвакацкай практыкай, спецыялізуючыся ў крымінальным праве. З 1971 па 1977 быў старшынёй рады Універсітэта Нёўшатэля.
Яго палітычная кар’ера пачалася ў 1960 годзе з абрання ў гарадскі савет Ла-Шо-дэ-Фона, дзе ён працаваў да 1968 года. Праз год быў абраны ў Вялікі савет (кантанальны парламент) Нёўшатэля (да 1975) і ўзначальваў яго ў 1969—1970.
З 1971 па 1977 год абіраўся членам Савета кантонаў швейцарскага парламента. З 1974 па 1977 год прадстаўляў Швейцарыю ў Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы і быў сябрам Камітэта па палітычных пытаннях ПАРЕ. 7 снежня 1977 гады абраны ў Федэральны савет Швейцарыі.
З 7 снежня 1977 года па 31 снежня 1987 года — член Федэральнага савета Швейцарыі. З 1 лютага 1978 года па 31 снежня 1987 года — начальнік палітычнага дэпартамента (міністр замежных спраў Швейцарыі). У 1982 і 1986 гадах — віцэ-прэзідэнт Швейцарыі. У 1983 і 1987 гадах — прэзідэнт Швейцарыі. У якасці кіраўніка палітычнага дэпартамента праводзіў актыўную знешнюю палітыку, наведаў з афіцыйнымі візітамі 55 краін свету. У 1979 годзе ў Нігерыі падпісаў сумеснае камюніке, накіраванае супраць апартэіду. Ён стаў першым заходнім лідэрам, які ўстанавіў адносіны з Арганізацыяй вызвалення Палестыны і сустрэўся з Фарукам Кадумі ў ліпені 1980 у Берне. Выступаў за ўступленне Швейцарыі ў ААН, аднак на рэферэндуме ў ліпені 1986 76 % выказалася супраць.