П’яны майстар 2

П'яны майстар 2M:
醉拳二
Постар фільма
Жанр баявыя мастацтвы
камедыя
Рэжысёр Лю Дзялянь
Джэкі Чан
Прадзюсар Эрык Цанг
Эдвард Танг
Барбі Тунг
Сцэнарыст Эдвард Танг
Тонг Ман-Мінг
Юн Кай-чы
У галоўных
ролях
Джэкі Чан
Ці Лунг
Аніта Муй
Кен Ло
Лю Дзялянь
Эндзі Лаў
Фелікс Вонг
Аператар Джынгл Ма
Тоні Чунг
Чунг Ю Джо
Ніка Вонг
Кампазітар Вільям Ху
Майкл Вандмахер (міжнародная версія)
Кінакампанія Golden Harvest
Paragon Films
Dimension Films (амерыканская версія)
Працягласць 102 хвіліны
Бюджэт $ 2 000 000 (ацэнка)
Зборы Ганконг HKD 40 971 484
Сцяг ЗША $ 11 555 430
Сцяг Зямлі $ 311 546 543
Краіна Ганконг Ганконг
Мова Кантонскі дыялект
Англійская
Год 1994
Папярэдні фільм Drunken Master[d]
IMDb ID 0111512
Афіцыйны сайт

«П’яны майстар 2» (Кітайская: 醉拳二; Кантонская раманізацыя: Jui Kuen II) — ганконгскі фільм 1994 года пра баявыя майстэрствы з удзелам Джэкі Чана у ролі кітайскага нацыянальнага героя Вонга Фэй Хунга. Гэта апошні фільм Чана, зняты ў традыцыйным стылі фільмаў пра баявыя майстэрствы. У 2000 годзе фільм выпусцілі ў амерыканскі пракат пад назвай «Легенда пра п’янага майстра» (Англійская: The Legend of Drunken Master).

У ганконгскай фільмаграфіі стужка мае своеасаблівую сувязь з фільмам «П’яны майстар» 1978 года, але не з’яўляецца яго сіквэлам. У 2005 годзе амерыканскі часопіс «Time» уключыў «П’янага майстра 2» у спіс 100 найлепшых кінастужак за ўвесь час.

Падзеі фільма адбываюцца ў першай чвэрці XX стагоддзя ў мацерыковым Кітаі. Вонг Фэй Хунг (Джэкі Чан) са сваім бацькам Вонг Кей Йінгам (Ці Лунг) і служкай вяртаюцца з кірмаша на цягніку дадому. Фэй Хунг, які не жадае плаціць пошліну за жэньшэнь, ідзе супраць бацькавых загадаў і вырашае падкінуць тавар у багаж супрацоўніка англійскай дыпламатычнай місіі, якой пошліна не датычыцца.

На наступным прыпынку Фэй Хунг разам са служкай пранікаюць у вагон першага класа, каб вярнуць жэньшэнь. У багажным вагоне Фэй Хунг сустракаецца з маньчжурскім афіцэрам Фу Венчы (Лю Калюнг) у момант, калі апошні крадзе з багажа рэч, якая ўпакавана гэтак жа, як і жэньшэнь, у жоўтую хустку. Фэй Хунг пускаецца ўдагонку за незнаёмцам, каб вярнуць скрадзены жэньшэнь, але атрымлівае сур’ёзны адпор, бо незнаёмец добра валодае кунг-фу. Незнаёмец перакананы, што Фэй Хунг здраднік, і намагаецца забіць яго. Падчас бойкі Фэй Хунг дэманструе стыль «п’яны кулак», але няўдала. У выніку Фэй Хунг вяртаецца да цягніка, а Фу Венчы застаецца са скруткам, у якім ён знаходзіць жэньшэнь.

У цягніку тым часам супрацоўнікі англійскай дыпламатычнай місіі шукаюць скрадзеную рэч. Падчас вобыску пасажыраў яны просяць сям’ю Вонгаў паказаць усе свае рэчы. Так Фэй Хунг выяўляе, што ў яго руках апынулася вельмі каштоўная нефрытавая пячатка аднаго з былых кітайскіх імператараў. Ад выкрыцця Фэй Хунга ратуе сын паўночнакітайскага генерала (Эндзі Лаў). Далей у сцэне прыватнай размовы з хаўруснікамі выяўляецца, што англійскі амбасадар аказваецца галоўным арганізатарам трафіка каштоўных гістарычных артэфактаў з Кітая ў Англію. Ён прыказвае знайсці і даставіць пячатку да яго.

Каб уратавацца ад бацькавага гнева за страчаны жэньшэнь, Фэй Хунг прадае карэнне ад бансая аднаму з кліентаў. Але такое карэнне можа быць небяспечным для чалавека, калі яго зварыць. Мачыха Фэй Хунга Лінг (Аніта Муй) вырашае дапамагчы яму і аддае свае карàлі ў пазыку, каб купіць сапраўдны жэньшэнь. Гэта прымушае сяброў сям’і Вонг думаць, што тыя маюць патрэбу ў грошах. На гэтым няўдачы сям’і Вонг не скончваюцца, бо хаўруснікі англійскага амбасадара Джон (Кен Ло) і Генры (Хо Сунг Пак) намагаюцца абрабаваць жанчыну, бо думаюць, што пячатка знаходзіцца ў яе. Фэй Хунг увязваецца ў бойку з бандытамі. Падчас бойкі Лінг просіць Фэй Хунга ўжыць «п’яны кулак» і, каб заахвоціць яго, дае яму напіцца віна. Калі Фэй Хунг частуецца алкаголем, то яго байцовы стыль «п’яны кулак» робіцца эфектыўным, і ён паспяхова перамагае ў бойцы. Калі бацька бачыць свайго п’янага сына, які ўчыніў бойку пасярод вуліцы, а потым даведваецца аб махлярствах з жэньшэнем, ён збівае Фэй Хунга, пазбаўляе яго спадчыны і праганяе з дома.

Засмучаны Фэй Хунг ідзе ў рэстаран, дзе зноў напіваецца. У рэстаран прыходзяць Джон і Генры са сваімі людзьмі, моцна збіваюць Фэй Хунга і падвешваюць таго на слупе з надпісам «Кароль п’янай бойкі». Майстар Вонг прабачае Фэй Хунга і расказвае яму, што, каб ужываць «п’яны кулак» эфектыўна, трэба быць уважлівым са спажываннем алкаголя. Наступнай ноччу да сям’і Вонг прыязджае незнаёмец з цягніка, у якім бацька прызнае знакамітага майстра Фу Венчы. Фу Венчы расказвае, што за артэфакт апынуўся у руках Фэй Хунга, і чаму патрэбна не дапусціць, каб пячатка апынулася ў англійскага амбасадара. У гэты момант вялікая колькасць бандытаў з сякерамі, якіх наняло англійскае консульства, атакуе Фэй Хунга і Фу Венчы. Пасля працяглай бойкі ўдваіх супраць вялікай банды майстар Фу і Фэй Хунг збягаюць, але іх падкаравульваюць ахоўнікі амбасадара. Яны застрэльваюць майстра Фу і забіраюць пячатку.

Наступнай ноччу Фэй Хунг з сябрам пранікаюць у будынак амбасады, каб забраць пячатку, але натыкаюцца на засаду. Іх жорстка збіваюць і пагражаюць забіць, калі майстар Вонг не прадасць частку сваёй зямлі побач з амбасадай. Вонг пагаджаецца з умовамі і губляе сваю зямлю, у той час як Фэй Хунг губляе надзею на вяртанне пячаткі.

У той жа час на фабрыцы, якая належыць англічанам, пачынаецца страйк супраць закрыцця прадпрыемства, падчас якога працаўнікі даведваюцца, што пад выглядам прадукцыі фабрыкі ў Англію вывозяць гістарычныя каштоўнасці Кітая. Працаўнікі выбіваюць банду з фабрыкі, а Фэй Хунг распраўляецца з Джонам і Генры з дапамогай прамысловага спірта і «п’янага кулака».

Сям’я Вонг атрымлівае ўзнагароду за сваю дапамогу ў раскрыцці махлярстваў з боку Брытанскага консульства.

Акцёры і здымачная група

[правіць | правіць зыходнік]

П’яны майстар зняты кінакампаніяй Леанарда Хо Golden Harvest. Лю Дзялянь зрэжысіраваў большую частку фільма, акрамя фінальнай сяміхвіліннай бойкі паміж Фэй Хунгам і Джонам. Апошнюю сцэну рэжысіраваў асабіста Джэкі Чан.

Акцёр Роля
Джэкі Чан Вонг Фэй Хунг Вонг Фэй Хунг
Аніта Муй Лінг Лінг
Ці Лунг Вонг Кей Йінг
Фелікс Вонг гандляр рыбай гандляр рыбай Цанг
Лю Дзялянь майстар Фу Венчы майстар Фу Венчы
Эндзі Лаў сын генерала Жанг Сюлянь
Хох Вінг Фонг Фун Фун
Кен Ло Джон Джон
Хо Сунг Пак Генры Генры
Луіс Рот Брытанскі амбасадар Брытанскі амбасадар

Здымачны працэс

[правіць | правіць зыходнік]

Рэжысёр Лю Дзялянь і Джэкі Чан часта спрачаліся і сварыліся з нагоды здымачнага працэсу. Сярод асноўных спрэчных момантаў быў стыль, якім карыстаўся Лю Дзялянь падчас працы: хуткія ўдары, запаволеныя рухі і выкарыстанне шырокавугольных аб’ектываў дзеля гульні з перспектывай. Таксама Чану не падабалася, што Дзялянь аддаваў перавагу адмысловаму стылю кунг-фу, а не так званаму «п’янаму» стылю. Урэшце Лю Дзялянь пакінуў здымачную пляцоўку, і фінальныя сцэны бойкі здымаліся пад кіраўніцтвам Джэкі Чана.

Фінальная бойка павінна была здымацца з удзелам Хо Сунг Пака (роля Генры), але той атрымаў расцягненне шчыкалаткі. Таму Чан прымусіў свайго целаахоўніка Кен Ло (роля Джона) трэніравацца на працягу трох месяцаў, каб той здолеў зняцца ў фінальным эпізодзе. Сама бойка ў фільме доўжыцца каля сямі хвілін, але здымалася яна на працягу чатырох месяцаў. Джэкі Чан адзначаў, што адзін дзень здымак бойкі ў выніку прыносіў тры секунды, якія ішлі ў фільм.

Амерыканская версія

[правіць | правіць зыходнік]

Для амерыканскага рэліза стужкі ў 2000 годзе кампазітар Майкл Вандмахер змяніў музычнае суправаджэнне. Саму стужку выпусцілі ў амерыканскі пракат пад назвай «Легенда пра п’янага майстра».

Змены закранулі гукавыя эфекты фінальнай бойкі з мэтай зрабіць бойку менш гвалтоўнай. Таксама з амерыканскай версіі быў выдалены фінальны эпізод, у якім Фэй Хунг аслеп і зрабіўся разумова адсталым з-за ўжывання прамысловага спірта.

Касавыя зборы

[правіць | правіць зыходнік]

П’яны майстар 2 меў вялізны поспех у Ганконгу: падчас паказа ў кінатэатрах фільм сабраў HKD 40 971 484, нягледзячы нават на тое, што Джэкі Чан пасварыўся падчас здымак з Лю Дзялянем. Праз шэсць гадоў фільм выпусцілі на амерыканскі кінарынак, дзе стужка атрымала прыбытак у памеры $ 11 555 430.