Рададэндран жоўты, Азалія пантыйская[1] (Rhododendron luteum) — кветкавая расліна роду Рададэндран (Rhododendron) сямейства Верасовыя (Ericaceae).
Лістападны куст вышынёй да 2 і больш метраў. Лісце чаргаванае, падоўжна-ланцэтнае, на кароткіх чаранках, па жылках рассеяна-валасістае, а па краях шчацініста-раснітчатае. Кветкі буйныя, аранжавыя або жоўтыя, з вельмі моцным пахам, сабраны на канцах галінак у малакветкавыя парасонападобныя шчыткі. Чашачка 5-раздзельная, рана ападае. Плод — падоўжная, пры выспяванні сухая карычневая каробачка. Расліна ядавітая[2].
Старажытнаміжземнаморскі рэліктавы від. Пашырэнне: горныя раёны Сярэдняй Еўропы, Каўказ, Малая Азія (Пантыйскі хрыбет). У Беларусі знаходзіцца ў астраўных участках росту і асобных лакалітэтах за паўночнай мяжой валынскага фрагмента арэала. Месцы росту: сасновыя і саснова-шыракалістыя лясы, пераважна на пераходных палосах паміж чарнічным і багуновым тыпамі лесу, узлескі, ускрайкі сфагнавых балот. Расце адзіночнымі экземплярамі і невялікімі групамі, часта ўтварае густы падлесак.
Святлолюбівая, ценевынослівая расліна, мезафіт, гіграфіт, эўтроф[2]. Расце на ўзлесках і палянах, верхавых (сфагнавых) балотах, камяністых россыпах, у горных хмызняках, парках, садах, каля дарог[2].
Цвіце ў маі — пачатку чэрвеня, пладаносіць у чэрвені—жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Дэкаратыўная, тэхнічная (лісце выкарыстоўваюць для дублення скур[2]), лекавая расліна.
Зноскі
- Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5
- Rhododendron L. — Рододендрон, Азалия // Определитель высших растений Беларуси / Под ред. Парфёнова В. И. — Минск: Дизайн Про, 1999. — С. 125. — 472 с: ил. — 1000 экз. — ISBN 985-6182-78-6. (руск.)