Раду Негру (Radu Negru), або Негру Водэ (Negru Vodă) — легендарны заснавальнік Валашскага княства, які нібыта кіраваў у горадзе Курця-дэ-Арджэш у канцы XIII стагоддзя. Яго імя перакладаецца з румынскай мовы як «чорны ваявода».
Паводле падання, упершыню зафіксаванага ў летапісе Кантакузенаў XVII стагоддзя, ён спусціўся ў Валахію з Карпацкіх гор. З яго імем звязана легенда пра майстра Маноле. У працах румынскіх гісторыкаў Чорны ваявода атаясамляўся з Басарабам I, яго бацькам Такамерыем, а таксама з Раду I. Верагодна, уяўляе сабой зборны вобраз.