Паводле квантавай механікі, атамы не маюць выразных меж, але імавернасць знайсці электрон, звязаны з ядром гэтага атама, на пэўнай адлегласці ад гэтага ядра хутка памяншаецца з павелічэннем адлегласці. Таму атаму прыпісваюць некаторы вызначаны радыус, лічачы, што ў сферы гэтага радыуса заключана большая частка электроннай шчыльнасці (парадку 90 працэнтаў).
Характэрнай ацэнкай радыуса атама з’яўляецца 1 ангстрэм (1 Å), роўны 10−10 м.
У многіх выпадках найкарацейшая адлегласць паміж двума атамамі сапраўды прыкладна роўная суме адпаведных атамных радыусаў. У залежнасці ад тыпу сувязі паміж атамамі адрозніваюць металічныя, іонныя, кавалентныя і некаторыя іншыя атамныя радыусы.