Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Райгруд[1] (польск.: Rajgród) — горад у Польшчы ў Граеўскім павеце Падляскага ваяводства, на беразе Райгрудскага возера, на аўтадарозе 61 Варшава — Аўгустаў, у гістарычнай вобласці Дайнова. Сядзіба вяскова-гарадской гміны Райгруд. Займае плошчу 35,28 км². Насельніцтва 1,5 тыс. чал. (на 2018). Заснаваны на месцы даўнейшага паселішча яцвягаў Рай.
Паводле летапісных звестак, Райгорад заснаваў у XIII стагоддзі князь яцвяжскі, падляскі і дайноўскі Трайдзень як умацаваны пункт на сумежжы з прусамі і мазурамі[2]. У 1358 годзе горад упамінаецца ў гэтай якасці ў акце размежавання Вялікага Княства Літоўскага з Падляшшам. Райгорад знаходзіўся ў дзяржаўнай уласнасці, пазней перайшоў да роду Глінскіх. Па пакаранні Міхаіла Глінскага за ўдзел у змове супраць караля і вялікага князя Жыгімонта Старога горад перайшоў да ваяводы віленскага Мікалая Радзівіла. У XVI стагоддзі Райгорад атрымаў гарадскі герб: «у чырвоным полі мур з адчыненай брамай над ім, тры вежы»[2]. У 1568 годзе за Ганна Кішкай (з Радзівілаў) горад атрымаў магдэбургскае права.
У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Райгорад перайшоў да Каралеўства Польскага. Паводле люстрацыі Райгародскага староства, на 1576 год у горадзе было 145 будынкаў і 56 незабудаваных пляцаў. У 1593 годзе Райгародскае староства перайшло да каралевы і вялікай княгіні Ганны, жонкі Жыгімонта Вазы. У 1679 годзе гораду пацвердзілі магдэбургскае права.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Райгорад апынуўся ў складзе Прусіі, з 1807 года — у складзе Расійскай імперыі, у Шчучынскім павеце Ломжынскай губерні[3]. У час вызваленчага паўстання (1830—1831) Райгорад як ключавую пазіцыю займаў расійскі 7-тысячны корпус генерала Остэн-Сакена, аднак паўстанцам пад камандаю Антонія Гелгуда ўдалося 29 мая 1831 года на пэўны час вызваліць горад.
У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Райгорад занялі войскі Германскай імперыі.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года горад апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.
З пачаткам Другой сусветнай вайны 15 верасня 1939 года Райгруд акупавалі войскі Трэцяга Рэйха, але праз тыдзень горад перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбентропа.
У лістападзе 1939 года Райгруд увайшоў у склад БССР. 14 чэрвеня 1940 года ў мясцовым клубе падчас танцаў, калі ўнутры будынка засталася ў асноўным яўрэйская моладзь, праз адчыненае акно ў памяшканне нехта кінуў 2 гранаты, што прывело да гібелі 5 чалавек і яшчэ 20 былі паранены. Існуе версія, што гэты тэракт звязаны з элементамі партызанскай вайны палякаў супраць савецкай улады і мясцовых яўрэяў[4].
У 1941—1944 гадах горад зноў знаходзіўся пад акупацыяй нацысцкай Германіі. 16 жніўня 1945 года ўлады СССР перадалі Райгруд Польскай Народнай Рэспубліцы.