Раксана | |
---|---|
грэч. Ρωξάνη | |
| |
Нараджэнне |
347 да н.э. |
Смерць |
310 да н.э. |
Бацька | Аксіярт[d][1] |
Муж | Аляксандр Македонскі[1] |
Дзеці | Аляксандр IV Македонскі |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Раксана (авест. Raoxšna, перс.: Rōšanak «ззяючая», грэч. Ρωξάνη, лац.: Roxana), каля 342 — 309 года да н.э.) — бактрыйская княжна, жонка Аляксандра Македонскага.
Раксана нарадзілася ў Бактрыі (усходняя частка Персідскай імперыі, сучасныя тэрыторыі паўночнага Афганістана, паўднёвых частак Таджыкістана і Узбекістана) і была дачкой мясцовага вяльможы Аксіарта (Ваксувадарва), які падчас набліжэння Аляксандра Вялікага адправіў жонак і дзяцей у непрыступную крэпасць, якая называлася Скала Сагдыяны. Але пад націскам македанян крэпасць здалася ў 327 да н.э., і ўсе яе насельнікі, уключаючы жонак і дзяцей Аксіарта, апынуліся палоннымі Аляксандра. Грэчаскі пісьменнік Арыян так распавядае аб лёсе адной з паланянак:
Адну з гэтых дачок звалі Раксана. Яна была дзяўчынай на выданне, і тыя, хто прымаў удзел у паходзе, паўтаралі, што яна была найпрыгажэйшай з жанчын, якіх яны бачылі ў Азіі, выключаючы адну толькі жонку Дарыя. Аляксандр закахаўся ў яе з першага позірку, але, хаця яна была паланянкай, адмовіўся з-за гарачага пачуцця да яе ўзяць яе сілай і аднёсся паблажліва да жаніцьбы з ёй.[2]
Абапіраючыся на гэтае сведчанне, гісторыкі ацэньваюць узрост Раксаны ў 14-16 гадоў. Курцый піша, што Аляксандр заўважыў Раксану на раскошным банкеце, куды яе прывеў бацька разам з 30 іншымі знатнымі дзяўчынамі дзеля забавы цара. Світа цара выражала затоенае незадавальненне: «…Цар Азіі і Еўропы ўзяў сабе ў жонкі дзяўчыну, прыведзеную дзеля забавы на банкет, з тым, каб ад яе нарадзіўся той, хто будзе кіраваць пераможцамі»[3].
Акрамя палкага захаплення, шлюб з Раксанай быў палітычным крокам Аляксандра. Плутарх каментуе:
І яго шлюб з Раксанай, прыгожай і квітнеючай дзяўчынай, у якую ён аднойчы закахаўся, убачыўшы яе ў карагодзе падчас банкета, як усім здалося, цалкам адпавядаў яго ідэі, бо шлюб гэты зблізіў Аляксандра з варварамі, і яны пранікліся даверам да яго за тое, што ён паказаў найвялікшую ўстрыманасць і не пажадаў незаконна авалодаць нават той адзінай жанчынай, якая пакарыла яго.
Раксана суправаджала Аляксандра ў яго паходзе ў Індыю і вяртанні ў Вавілон (326 — 324 гг. да н.э.). Згодна з пазнейшым сведчаннем, падчас індыйскага паходу памёр нованароджаны сын Раксаны і Аляксандра[4]. Пасля вяртання з паходу рамантычныя пачуцці Аляксандра да бактрыйскай княжны, магчыма, аслаблі, і ён ажаніўся са Стацірай, дачкой персідскага цара Дарыя, і яшчэ адной персіянкай царскага паходжання.
У 323 годзе да н.э. Аляксандр раптоўна памёр, пакінуўшы Раксану цяжарнай, а праз месяц яна нарадзіла сына, назваўшы яго Аляксандрам. Застаўшыся без адзінага абаронцы, юная бактрыйка і немаўля Аляксандр апынуліся ў цэнтры палітычных інтрыг распадаючайся імперыі. Бактрыйская прынцэса не мела лагоднага нораву: з адабрэння рэгента Пердыкі яна забіла Стаціру. Паводле слоў Плутарха, «да мяжы раўнівая і моцна ненавідзеўшая Стаціру, яна пры дапамозе падробленага ліста заманіла Стаціру і яе сястру да сябе, абедзвюх забіла, кінула трупы ў калодзеж і засыпала зямлёй».
Пасля гібелі Пердыкі Раксана з сынам жылі ў македонскім горадзе Амфіпалі пад апекай Антыпатра. Пасля яго смерці, магчыма, пасварыўшыся з Эўрыдыкай, жонкай намінальнага македонскага цара Філіпа Арыдэя, у 318 да н.э. яны перабраліся ў Эпір пад заступніцтва маці Аляксандра Вялікага Алімпіяды і разам з ёй увайшлі ў Македонію на чале войска. Македаняне захапляліся Аляксандрам Вялікім, і, убачыўшы яго маці, сына-спадкаемцу і жонку, яны уручылі ім (а дакладней — Алімпіядзе) уладу над Македоніяй, якой тая не здолела распарадзіцца. Праз год сын Антыпатра Касандр аблажыў Алімпіяду ў Підне, каля яе знаходзіліся і Раксана з сынам.
У 316 да н.э. Алімпіяда была пакарана смерцю дыядохам Касандрам, а Раксану з сынам зачынілі ў крэпасці Амфіпаля, пазбавіўшы царскіх прывілеяў.
Сын Раксаны падрастаў і мог неўзабаве прэтэндавць на трон, карыстаючыся славай бацькі і падтрымкай уплывовых ворагаў Касандра. Згодна з яго загадам, 14-гадовы хлопчык, ён жа намінальны македонскі цар Аляксандр IV, і яго маці Раксана былі патаемна забіты ў 309 да н.э.
У гонар Раксаны названы астэроід (317) Раксана, адкрыты ў 1891 годзе.