Ракхігархі

Месца даследаванняў

Ракхігархі (хіндзі: राखीगढ़ी) — помнік археалогіі на месцы найбуйнейшага вядомага горада Індскай цывілізацыі. Знаходзіцца ў штаце Хар’яна на паўночным захадзе Індыі. Агульная плошча — 350 га.

Ракхігархі — значны паводле плошчы помнік, што знаходзіцца каля аднайменнай вёскі за 120 км на паўночны захад ад Дэлі. Ён складаецца з 11 пагоркаў. За 3,1 км на паўднёвы захад ад Ракхігархі месціцца Гамра, іншы помнік Індскай цывілізацыі, які пакуль не вывучаны.

Першыя разведвальныя раскопкі Археалагічная служба Індыі правяла ў 1961 г. У 1969 г. помнік быў задакументаваны, зямля перададзена пад кантроль універсітэта Курукшэтры. Але мясцовыя жыхары захапілі частку плошчы помніка і выкарысталі яе для будаўніцтва жытла. З 1997 г. арганізуюцца сталыя археалагічныя даследаванні. Археолагі здолелі атрымаць права на вяртанне захопленых зямель у склад тэрыторый для вывучэння, змагаюцца за ахову помніка і спыненне практыкі раскрадання артэфактаў. У 2018 г. адбылося першае паспяховае палеагенетычнае даследаванне рэшткаў прадстаўніцы Індскай цывілізацыі, знойдзеных у Ракхігархі.

Ракхігархі з’яўляецца найбуйнейшым з вядомых археалагічных помнікаў Індскай цывілізацыі, пераўзыходзіць Махенджа-Дара. Археолагамі выяўлена, што першыя паселішчы эпохі ранняй Харапы ўзніклі на яго месцы 6420±110 гадоў таму. Прадстаўнікоў Індскай цывілізацыі прыцягвалі ўрадлівыя алювіяльныя глебы і адсутнасць паводак, паколькі навакольныя рэкі жывіліся толькі мусонамі. Улетку яны стваралі паток, што бег па старым рэчышчам пасляледавіковай эпохі на ўсход ад сістэмы Інда.

У сярэдзіне 3 тысячагоддзя да н.э. адбылася ўрбанізацыя. Ракхігархі ператварыўся ў буйны горад з планаванай архітэктурай. Мяркуюць, што яго насельніцтва магло дасягаць 60 000 чалавек. Гараджане займаліся вырабам керамічнага посуду, убораў, ведалі ткацтва і металургію. Большасць пабудоў узводзілася з сырцовай цэглы. Існавала каналізацыя. Вуліцы былі не вельмі шырокімі, але яны брукаваліся.

Падчас раскопак у Ракхігархі былі выяўлены ювелірная майстэрня, яміны і агмяні, што маглі быць месцамі для ахвярапрынашэнняў, сямікамерны свіран, могілкі, апсідальныя пабудовы. Найбольш цікавыя знаходкі: бронзавыя, срэбраныя і медныя прылады, тэракотавыя статуэткі і пячаткі, рыбалоўныя крукі, гузікі. На некаторых прадметах засталіся сляды баваўнянай тканіны.