Рандо́ (фр.: rondeau, ад rond — кола) — адна з так званых цвёрдых формаў лірычнай паэзіі. З'явілася ў Францыі ў XIV стагоддзі ў выніку развіцця ідэі рандэля.
Рандо мае шмат варыяцыяў, якія аб'ядноўвае шэраг характэрных рысаў: верш складаецца з 15 радкоў, сярод якіх двойчы паўтараецца так званы рэфрэн — пачатковыя словы першага радка, якія не абавязкова павінны рыфмавацца з іншымі радкамі; астатнія радкі рыфмуюцца толькі на дзве рыфмы. Напрыклад, рандо можа мець наступную схему: a-a-b-b-a a-b-b-R a-a-b-b-a-R, дзе R — рэфрэн.
Прыкладам рандо можа служыць верш Рыгора Крушыны:
- I сны, і мары — музы чары —
- Ствараюць казку дзіўных дзён.
- I думак цэлы легіён
- Снуецца ў сонечным абшары;
- Далёкі спеў ужо чуцён.
- Празрысты свеціцца вялён
- Праз цёплы подых лёгкай пары…
- Прыемны мне прыносяць плён
- I сны, і мары.
- Мне сніцца дом і пышны клён,
- I ўжо няма ніводнай хмары.
- Адно цвітуць, цвітуць як лён
- I сны, і мары.
У беларускай літаратуры першым ужыў форму рандо Максім Багдановіч[1].
Зноскі
- ↑ Тамара Федарцова. «Так вершы ззяюць даўняю красой...»: да праблемы станаўлення класічнага верша ў творчасці М.Багдановіча // Зборнік дакладаў: Матэрыялы дакладаў і паведамленняў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (2001 г.) «Максім Багдановіч і іншанацыянальныя літаратуры» // Літаратурны музей М.Багдановіча; Склад. І.В.Мышкавец. — Мінск, 2003. С. 174