Флавій Ромул Аўгуст | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
лац.: Flavius Romulus Augustus | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Юлій Непат | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
не раней за 461 і не пазней за 463 |
||||||
Смерць |
не раней за 511 |
||||||
Бацька | Арэст[d] | ||||||
Веравызнанне | хрысціянства | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Фла́вій Ро́мул Аўгу́ст[1] (лац.: Flavius Romulus Augustus), таксама вядомы ў рымскай гістарыяграфіі як Ро́мул Аўгу́стул (лац.: Romulus Augustulus)[2] — апошні імператар Заходняй Рымскай імперыі, уладарства якога прыпала на 475—476 гадах.
Бацька Ромула, военачальнік Флавій Арэст , скінуў імператара Юлія Непата і ўзвеў на сталец свайго сына, пры якм і быў фактычным уладаром. Уладу Ромула Аўгуста не прызналі ні Усходняя Рымская імперыя, ні гальскі намеснік, ні сам Непат, які тым часам збег у Далмацыю[2]. Урэшце, пасля 10-месячнага ўладарства, Арэста скінулі і забілі, а Ромул быў адпраўлены ў выгнанне ў Кампанію, дзе, магчыма, і памёр[3].
Бацька Ромула — Флавій Арэст , паходзіў з Паноніі, атрымаў тытул патрыцыя і быў магістрам італійскай арміі[4]. У жніўні 475 года Арэст, падняў паўстанне супраць Юлія Непата і захапіў сталіцу Заходняй Рымскай імперыі Равену. Імператар уцёк у Далмацыю, дзе яго дзядзька Марцэлін заснаваў паўнезалежная дзяржаву[5].
Сам Арэст, з невядомай прычыны адмовіўся ад прыняцця тытула імператара, а дамогся абвяшчэння імператарам свайго малалетняга сына Ромула. Але фактычна кіраваў імперыяй Арэст[6].
На час абвяшчэння Ромула Аўгуста імператарам, Заходняя Рымская імперыя была на мяжы знікнення. Імператарская ўлада распаўсюджвалася толькі на Італію і невялікую частку Паўднёвай Галіі[7]. Усходнерымскі імператар Леў I Макела, які памёр у 474 годзе, узводзіў на сталец Заходняй Рымскай імперыі двух чалавек — Пракопія Антэмія і Юлія Непата, таму яго пераемнік Зянон, таксама як і намеснік Паўночнай Галіі Афраній Сіягрый адмовіліся прызнаць Ромула імператарам Захаду, лічылі яго ўзурпатарам[6].
Пра дзейнасць самога Ромула нічога не вядома. У час яго ўладарства ў Рыме, Медыялане, Равене і Арэлаце чаканілі залатыя соліды[6]. Некалькі знойдзеных срэбраных манет былі адчаканена ў Равене, а медных манет часоў уладарства Ромула не знойдзена.
Найбольш сур’ёзнай праблемай гэтага часу было кіраванне войскамі варварскіх наймітаў[6]. Пасля 10-месячнага уладарства, супраць Арэста і Ромула падняла паўстанне армія, амаль цалкам складзеная з герулаў, ругаў і скіраў[3]. Салдаты ведалі, што рымскі ўрад заключыў з германцамі іншых частак Заходняй Рымскай імперыі дамову, што мясцовыя землеўладальнікі вылучаць пэўную частку сваіх зямель для германскіх перасяленцам[8]. Прынцып не распаўсюджваўся на Італію, аднак салдаты з германскіх плямёнаў, раскватараваныя на паўвостраве, патрабавалі, каб тое самае было зроблена і на іх карысць[9]. Яны не настойвалі, каб ім вылучылі дзве траціны зямлі, як было зроблена на пачатку V ст. імператарам Ганорыем для вестготаў, якія напалі на Галію. Салдаты лічылі, што для іх патрэб хопіць і адной траціны зямель[8]. Насуперак чаканням Арэст адмовіў салдатам[6]. Таксама, магчыма, раней Арэст зямлю як ўзнагароду за скіданне Юлія Непата, таму салдаты яго і падтрымалі[3]. Іншай прычынай бунту было пагаршэнне фінансавання рымскай арміі скарбам, бо даходаў з адной толькі Італіі не хапала[10].
Абураныя салдаты абралі правадыром аднаго з галоўных военачальнікаў Арэста Флавія — Адаакра[3], германца паходжаннем (скірам або, магчыма, ругам). Бацька Адаакра быў паслом Атылы ў Канстанцінопалі, а пасля яго смерці ўступіў у армію заходняга імператара Пракопія Антэмія і дапамагаў Арэсту скінуць Юлія Непата[3].
Сутыкнуўшыся з варожым стаўленнем войскаў, Арэст зачыніўся ў акружаным магутнымі сценамі Тыцынуме, які, аднак, быў узяты і разрабаваны[10]. Каля Плацэнтыі 28 жніўня 476 года ён быў узяты ў палон і пакараны смерцю[10]. Яго брат Павел загінуў у бітве ў лесе каля Равены, і тады Адаакр, які ўступіў у горад, прымусіў Ромула адмовіцца ад улады 4 верасня 476 года[11]. Адаакр, калі даведаўся пра вяртанне ўсходняга імператара Зянона Ісаўраніна на сталец, выслаў ад імя скінутага Ромула Аўгуста сенацкую дэлегацыю ў Канстанцінопаль з паведамленнем, што:
«не было ніякай патрэбы ствараць ім асобнае царства; што для абодвух бакоў хапала б аднаго Зянона як агульнага іх імператара; што сенат рымскі надаў галоўнае начальства Адааху [Адаакру], чалавеку, які па дзяржаўным розуме і ваяўнічасці здольны ахоўваць дзяржаву»[12].
Таксама сенат прасіў Зянона надаць Адаакру тытул патрыцыя і дазволіць кіраваць Італіяй[13]. Зянон не адразу, але задаволіў іх просьбу. Адаакр пазней прысягнуў на вернасць імператару Усходняй Рымскай імперыі і кіраваў у Італіі як прадстаўнік візантыйскай улады[6]. Таму тэарэтычна імперыя заставалася адзінай[14].
Лёс Ромула пасля скідання са стальца пэўна невядомы. У запісах Ананіма Валезія згадана, што Адаакр, «пашкадаваўшы яго за малы ўзрост і, крануты яго прыгажосцю», злітаваўся над Ромулам, загадаў выплочваць штогадовую пенсію ў 6 тысяч солідаў і саслаў разам з маці ў кампанскі палац Лукула на мізенскім мысе[15][16]. Аднак Іардан і Марцэлін Коміт не згадваюць пра штогадовую пенсію[17]. Лукуланскі палац, пабудаваны вядомым рымскім военачальнікам эпохі рэспублікі Луцыем Ліцыніем Лукулам (консул 74 гады да н.э.), служыў вілай імператару Тыберыю[6]. З Ромулам у ссылку паехалі сваякі і значная світа[6].
Крыніцы сыходзяцца ў меркаванні, што Ромул пасяліўся ў палацы Лукула. Пасля пра Ромула няма ніякіх згадак. Хутчэй за ўсё, Ромул быў заснавальнікам манастыра побач з палацам[6]. Манастыр Ромула стаў найбоей вядомы падчас пантыфіката Рыгора I Вялікага і існаваў яшчэ ў X стагоддзі[6].
Магн Аўрэлій Касіядор, сакратар караля остготаў Тэадорыха Вялікага, напісаў ліст нейкаму Ромулу ў 507 годзе, у якім пацвярджаў пенсію, што яму выдавалася[18]. Томас Ходжкін , перакладчык твораў Касіядора, пісаў у 1886 годзе, што Ромул Аўгуст і згаданы ў лісце Касіядора Ромул, магчыма, адна і тая асоба[19]. Імаверна, былы імператар памёр да аднаўлення візантыйскай улады ў Італіі (да сярэдзіны VI стагоддзя), бо гісторык Пракоп Кесарыйскі, які пісаў пра Ромула як пра апошняга ўладара заходняй часткі імперыі, не згадвае былога імператара як жывога пры апісанні візантыйска-гоцкіх войнаў[6].
Найбольш вядомы мастацкія творы, у якіх Ромул Аўгуст выступае галоўным або адным з галоўных герояў:
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |