Рурык | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Пераемнік | Ігар Рурыкавіч | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне | 830 | ||||||
Смерць |
каля 879[1] |
||||||
Род | Рурыкавічы | ||||||
Жонка | Яфанда[d][2] | ||||||
Дзеці | Ігар Рурыкавіч[3][4][…] | ||||||
Веравызнанне | язычніцтва | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ру́рык (памёр каля 879) — летапісны заснавальнік дзяржаўнасці Русі, вараг, наўгародскі князь і родапачынальнік княжацкай, якая стала пасля царскай, дынастыі Рурыкавічаў. Згодна з нарманскай тэорыяй, Рурык з’яўляўся шведам (шведск.: Rörik (Hrörekr))[5]. Існуе і дацкая версія, згодна з якой Рурыка атаясамляюць з конунгам Рорыкам (дацк.: Hrørek) з ютландскага Хедэбю, што месціцца ў Даніі[6][7]. Паводле іншай версіі, Рурык — прадстаўнік каралеўскага роду абадрытаў, а яго імя — славянская радавая мянушка, звязаная з сокалам, які на славянскіх мовах называўся таксама «рарогам». Таксама існуюць спробы даказаць легендарнасць Рурыка.
Згодна са старажытнарускім летапісным зводам XII стагоддзя «Аповесць мінулых часоў», у 862 годзе вараг Рурык з братамі па запрашэнні такіх плямёнаў як: чудзь, ільменскія славене, крывічы і весь быў прызваны княжыць у Ноўгарад. Гэта падзея, з якой традыцыйна адлічваецца пачатак дзяржаўнасці ўсходніх славян, у гістарыяграфіі атрымала ўмоўную назву «пакліканне варагаў». Летапісец назваў прычынай запрашэння міжусобіцу, якая ахапіла на наўгародскіх землях славянскія і фіна-угорскія плямёны. Рурык прыйшоў з усім сваім родам, званым русь, этнічная прыналежнасць якога працягвае заставацца тэмай для дыскусій.
Вакол родапачынальніка першай княжацкай дынастыі Русі існуе шмат версій, аж да спробаў даказаць яго легендарнасць. Легендарнасць Рурыка спараджаецца адсутнасцю зьвестак пра яго паходжанне: адкуль ён прыйшоў на княжанне і да якога народу-племені ён належаў. Тэма радзімы Рурыка шчыльна звязана з этымалогіяй словаў Русь і русы. Існуюць некалькі версій паходжання Рурыка, з якіх асноўнымі з’яўляюцца нарманская і заходнеславянская.
Зыходзячы з таго, што ў рускіх летапісах Рурык названы варагам, а варагі-русь паводле розных крыніцаў атаясамляюцца з нарманамі альбо шведамі, прыхільнікі нарманскай канцэпцыі лічаць Рурыка, як і ўсю яго дружыну, варагамі-вікінгамі, што прыйшлі са Скандынавіі, дакладней, з мясцовасці Русьлаген (шведск.: Roslagen), непасрэдна на поўнач ад сучаснага Стакгольму[8].
Альтэрнатывай нарманскай версіі з’яўляецца версія пра паходжанне Рурыка з асяроддзя заходнеславянскіх плямёнаў абадрытаў, руян і памаран. «Аповесць мінулых гадоў» прама кажа пра тое, што Рурык, будучы варагам, не з’яўляўся пры гэтым ні нарманам, ні шведам, ні англам, ні гатландцам.