Рыбафлавін

Рыбафлаві́н, вітамін B2 — водарастваральны вітамін групы В, C17H20N4O6. Будова была вызначана ў 1935 годзе шляхам хімічнага сінтэзу незалежна П. Карэрам і Р. І. Кунам[1].

Крышталічнае рэчыва жоўта-аранжавага колеру. Тэмпература плаўлення — 282 °С. Слаба раствараецца ў вадзе і этаноле, не раствараецца ў ацэтоне, бензоле і хлараформе. Разбураецца пад уздзеяннем святла.

Біялагічная роля

[правіць | правіць зыходнік]

Рыбафлавін удзельнічае ў абмене рэчываў шляхам пераўтварэння ў флавінавыя каферменты, забяспечваючыя актыўнасць важнейшых акісляльна-аднаўленчых ферментаў, рэгулюючых працэсы бялковага, тлушчавага і вугляводнага абмену. Таксама неабходны для актыўнасці іншых вітамінаў.

Недахоп рыбафлавіну ў арганізме выклікае агульную слабасць, затрымку росту, малакроўе, запаленне скуры, парушэнні зроку і інш.

Крыніцы рыбафлавіну

[правіць | правіць зыходнік]

Рыбафлавін не сінтэзуецца ў арганізме чалавека і жывёл і павінен паступаць разам з ежай. У найбольшай колькасці ўтрымліваецца ў печані, нырках, яйках, малочных прадуктах, дражджах, грэчцы і інш. У такіх харчовых прадуктах, як рыс, мучныя вырабы, большасць садавіны і гародніны, рыбафлавін утрымліваецца ў нязначнай колькасці.

У прамысловых умовах рыбафлавін атрымліваюць хімічным сінтэзам 3,4-дыметыл-ананіліну і рыбозы або мікрабіялагічным сінтэзам (напрыклад, з выкарыстаннем грыба Eremothecium ashbyi).

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 4/4. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (Т. 13).
  • Семяненя І. М. Рыбафлавін // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 4/4. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (Т. 13).