Рымскі абрад

Рымскі абрад — найбуйнейшы па колькасці вернікаў з лацінскіх абрадаў, сукупнасць літургічных звычаяў, якая склалася ў Рымска-Каталіцкай Царкве і для якой характэрна ужыванне лацінскай мовы ў якасці літургічнай мовы. Рымскі абрад з'яўляецца цэнтральным сярод заходніх літургічных абрадаў.

Разнавіднасці

[правіць | правіць зыходнік]

Найбольшую распаўсюджанасць сярод заходніх літургічных абрадаў мае менавіта рымскі абрад. Іншыя абрады, у тым ліку, вытворныя ад яго, распаўсюджаныя толькі ў абмежаваных геаграфічных рэгіёнах. Масарабскі абрад — у некаторых гарадах Іспаніі, найперш у Таледа, амбразіянскі — у Мілане і некаторых іншых гарадах. Некаторыя абрады належаць да пэўных манаскіх ордэнаў: бенедыктынцаў, кармелітаў, прэманстрантаў, сэрвітаў і цыстэрцыянцаў.

Трыдэнцкі абрад

[правіць | правіць зыходнік]

Трыдэнцкі сабор прадпісаў, сярод іншага, большую уніфікацыю літургічнай практыкі. Усе абрады, якія не мелі на той час 200-гадовай гісторыі, павінны былі быць адмененыя; папам св. Піем V для ўсёй Царквы былі апублікаваныя выпраўленыя выданні літургічных кніг, найперш, імшала і брэвіярыя ў той рэдакцыі, якая ўжывалася ў той час у самім Рыме.

Рэформы Другога Ватыканскага Сабору

[правіць | правіць зыходнік]

Другі Ватыканскі Сабор, які распачаўся ў 1962 годзе, пастанавіў, сярод іншага, перагледзець імшал і іншыя літургічныя кнігі. Пасля сабора была створана камісія, якая стварыла новыя літургічныя кнігі (не заўсёды ў адпаведнасці з указаннямі сабора, а некалі і насуперак ім), якія і былі ўведзеныя з практыку папам Паўлам VI з 1970 года.

Не ўсе католікі прынялі гэтыя змены, з'явіліся розныя рухі католікаў-традыцыяналістаў, якія не прымалі новы абрад альбо прынамсі схіляліся да старога. Яны сцвярджаюць, што новы рымскі абрад не з'яўляецца прадуктам эвалюцыйнага развіцця былога абраду, але па сутнасці новым абрадам, які істотна адрозніваецца ад усіх традыцыйных абрадаў Захаду.

Такім чынам, зараз можна казаць пра дзве формы рымскага абраду:

  • дарэформенная, альбо экстраардынарная форма, якую часта таксама называюць трыдэнцкім або традыцыйным абрадам;
  • новая, ардынарная форма, якая таксама мае назву Novus Ordo.

Назвы ардынарная і экстраардынарная звязаныя з motu proprio папы Бенедыкта XVI Summorum Pontificum, выдадзеным 7 ліпеня 2007 года, паводле якога трыдэнцкі абрад у рэдакцыі 1962 года з'яўляецца экстраардынарным спосабам цэлебрацыі літургіі ў лацінскім абрадзе, тады як ардынарным застаецца Novus Ordo. У імшах без народу рымска-каталіцкія святары вольныя выбіраць паміж літургічнай версіяй 1962 году і ардынарнай формай набажэнства. Паводле Summorum Pontificum, такі выбар можна рабіць у любы дзень за выключэннем Святога Пасхальнага Трыдууму. Для цэлебрацыі такога набажэнства па «новаму» ці «старому» імшалу святару не трэба браць дазволу ані Апостальскага Пасаду, ані свайго ардынарыя. Да ўдзелу ў такой святой імшы могуць быць дапушчаныя таксама і верныя, якія просяць аб гэтым па ўласным жаданні (пры захаванні нормаў права).

У большасці каталіцкіх храмаў, якія выкарыстоўваюць рымскі абрад, набажэнствы вядуцца толькі па новым імшале.

Лацінскі абрад у Праваслаўнай царкве

[правіць | правіць зыходнік]

З пункту гледжання праваслаўя, лацінскі абрад у тым выглядзе, у якім ён сфармаваўся да раздзялення праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, з'яўляецца часткай праваслаўнай традыцыі і літургічнай спадчыны і аднолькава прыдатны для збаўлення, як і візантыйскі абрад. Напрыклад, святыя Кірыл і Мяфодзій пераклалі на царкоўнаславянскую мову не толькі грэцкую, але і лацінскую службу і служылі па абодвух абрадах.

Неаднаразова былі спробы ўвесці лацінскі абрад у літургічную практыку мясцовых праваслаўных цэркваў для палягчэння місійная дзейнасці на Захадзе, а таксама для задавальнення патрэбаў тых праваслаўных вернікаў, якім падабаецца заходні абрад, але яны не хочуць пераходзіць у каталіцтва.

Адрозненні праваслаўнага лацінскага абраду ад каталіцкага

[правіць | правіць зыходнік]

Ва ўсіх праваслаўных прыходах лацінскага абраду Credo чытаецца без філіоквэ. А ў некаторых месцах прасфоры вырабляюцца з кваснога цеста[1].

Першы праваслаўны прыход рымскага абраду быў адкрыты ў Парыжы сіламі Луі-Шарля Вінарта і святара Лукіяна Шамбо. Першая праваслаўная імша ў рымскім абрадзе адбылася ў 1937 годзе на свята Ахвяравання ў Вазнясенскім храме Парыжа. Супольнасць гэтага храма знаходзілася ў еднасці з Маскоўскім патрыярхатам[1]

Былі праекты стварэння праваслаўных прыходаў рымскага абраду і ў Рускай праваслаўнай царкве за мяжой, у якіх асаблівую ролю адыгрывала падтрымка архіяпіскапа Іаана Шанхайскага (Максімовіча).

Цяперашні стан

[правіць | правіць зыходнік]

У ЗША знаходзіцца каля дванаццаці праваслаўных прыходаў лацінскага абраду, якія належаць да юрысдыкцыі Паўночна-Амерыканскай япархіі Антыяхійскай праваслаўнай царквы[1].

У Расіі прадпрымаліся спробы выкарыстоўваць лацінскі абрад пад амафорам розных маргінальных праваслаўных юрысдыкцый.

  1. а б в Д. Э. Пучкин Латинский обряд в Православной Церкви Архівавана 17 верасня 2011., сетевой альманах «Крестоносец».