Рэалізм (літаратура)

Рэалізм — кірунак у літаратуры і мастацтве, які ставіць мэтай праўдзівае выяўленне рэчаіснасці ў яе тыповых рысах. Панаваў пасля эпохі рамантызму і папярэднічаў сімвалізму.

Рэалізм сцвярджае значэнне літаратуры як найважнейшага сродку пазнання чалавекам сябе і навакольнага свету, такім чынам імкнецца да раскрыцця сутнасці жыццёвых з’яў, да шырокага ахопу рэчаіснасці з яе супярэчнасцямі, прызнае права мастака адлюстроўваюць усе бакі жыцця без абмежавання тэм і сюжэтаў. Рэалізм паказвае ўзаемадзеянне чалавека з асяроддзем, уздзеянне грамадства і ўмоў на лёс асобных людзей, суполак, класаў, уплыў сацыяльных абставін на норавы і духоўны свет людзей, актыўную пераўтваральную ролю чалавека, вялікіх суполак і рухаў. Рэалістычна літаратура сцвярджае каштоўнасць маральных пошукаў, такім чынам адыгрывае вялікую сацыяльна-выхаваўчую ролю. Рэалізму ўласціва імкненне да разгляду рэчаіснасці ў развіцці; адлюстраванне не толькі традыцыйных форм быту, адносін, але і здольнасць знаходзіць і адлюстроўваць у вобразах узнікненне новых форм жыцця і сацыяльных адносін, новых тыпаў.

Рэалізм у беларускай літаратуры

[правіць | правіць зыходнік]

Галоўныя прынцыпы рэалізму ўключаюць раскрыццё праўды характараў і праўды абставін, паказ тыповых карцін рэальнага жыцця, спасціжэнне глыбіні апускання ў рэчаіснасць, асвятлення чалавека ў свеце і ўнутранага свету ў самім чалавеку.

У аснову рэалізму ў мастацкай творчасці пакладзены прынцыпы адлюстравання аб’ектыўнага развіцця гісторыі і асобы, паказу шматбаковасці характару чалавека, раскрыцця складанасці яго псіхікі. Мастакі шукалі розныя тыпы свайго часу. Асаблівая заслуга ў сцвярджэнні прынцыпаў рэалізму ў беларускай літаратуры належыць народным пісьменнікам: Я. Коласу, Я. Купале, К. Чорнаму, М. Багдановічу, К. Крапіве, І. Мележу, Я. Брылю, В. Быкаву, І. Шамякіну, І. Навуменку, І. Чыгрынаву.

У першай палове ХХ ст. усталяваўся так званы сацыялістычны рэалізм, які перад творамі мастацтва (літаратурай, жывапісам, скульптурай, тэатрам, кіно, музыкай) ставіў задачы ўмацавання заваёў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Аднак творы сацыялістычнага рэалізму не былі пазбаўлены ідэалізацыі, двайных стандартаў у паказе з’яў рэчаіснасці, калі жаданае выдавалася за рэальнае, існае, даўно ўсталяванае. У сучасным мастацтве поруч рэалістычных падыходаў развіваюцца таксама авангардысцкія і постмадэрнісцкія тэндэнцыі.

  • Краткая литератературная энциклопедия: в 9 т. / под общ. ред. А. А. Суркова. — М.: Сов. энцикл., 1972. — Т. 6. — 1039 с
  • Беларуская літаратура / У. А. Навумовіч — Мінск.: Вышэйшая школа, 2013.
  • Рэалі́зм // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 633. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.