Рэестры

Рэестры (лац.: regesta) — спісы, вопісы, а таксама кнігі ў судах ВКЛ, куды рабілі запісы аб справах, што падлягалі судоваму разгляду. Галоўныя з рэестраў: сумарныя, у якія ў замкавых судах заносілі кароткі змест спраў па даўгавых абавязацельствах, аб выгнанні з маётка, беглых сялян, а ў земскіх судах - аб закладных здзелках ці вызваленні ад іх; звычайныя, у якія ў замкавых судах заносілі крымінальныя справы пра найбольш цяжкія злачынствы (разбоі, грабяжы і інш.), у земскіх судах усе грамадзянскія справы; арыштаваных, у якіх у замкавых судах вялі ўлік злачынцаў, затрыманых на месцы злачынства і аддадзеных пад суд; тактавыя, у якіх вялі запіс злачынстваў, зробленых у месцы ці паблізу ад таго месца, дзе засядаў суд; скарбовыя, у якія ў замкавых судах заносілі справы, звязаныя з ужываннем мер і вагаў і інш., што мелі дачыненне да дзяржаўнага скарбу. Рэестры замкавых і земскіх судоў звычайна называлі “кнігі гродскія”, “кнігі земскія”. У Трыбунале ВКЛ вяліся рэестры апіляцый на рашэнні ніжэйшых судзебных інстанцый, рэестры, дзе рабілі ўлік фактаў невыканання вызначэнняў Трыбунала, скарг на валакіту ў ніжэйшых судах.