Рэўматоідны артрыт | |
---|---|
МКБ-10-КМ | M06.9 |
МКБ-9-КМ | 714.0[1] |
OMIM | 180300 |
DiseasesDB | 11506 |
MedlinePlus | 000431 |
MeSH | D001172 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Рэўматоідны артрыт (лац.: arthritis rheumatoidea) — сістэмнае запаленчае захворванне злучальнай тканкі з пераважнай паразай дробных суставаў па тыпу эразіўна-дэструктыўнага поліартрыта невыразнай этыялогіі са складаным аутаімунным патагенезам[2].
Слова «рэўматоідны» паходзіць ад лац.: rheumatoidea, дзе rheumat- утворана ад стар.-грэч.: ῥεῦμα, што значыць «плынь», а суфікс -oideus азначае «падобны». Слова «артрыт» ўтворана ад лац.: arthrîtis, дзе arthr- ад стар.-грэч.: ἄρθρον перакладаецца як «сустаў» і суфікс «-itis» значаць «стан запалення»[3].
Рэўматоідны артрыт (РА) распаўсюджаны па ўсім свеце, і да яго схільныя ўсе этнічныя групы. Распаўсюджанасць 0,5-1 % (да 5 % у пажылых) у развітых краінах. Кожны год захворвае ад 5 да 50 чалавек на 100 000 насельніцтва[4]. У 2010 годзе ад рэўматоіднага артрыту ў свеце памерла каля 49 тысяч чалавек[5].
Сярэдні ўзрост пачатку захворвання складае 40-50 гадоў для жанчын і некалькі больш для мужчын[6]. Жанчыны хварэюць у 3-5 разоў часцей за мужчын[7].
Для жанчын працягласць кармлення грудзьмі зніжае верагоднасць развіцця РА. Кармленне грудзьмі на працягу 24 месяцаў і даўжэй паніжае рызыку развіцця рака малочнай залозы.
Спецыялісты адносяць рэўматоідны артрыт да аўтаімунных захворванняў. Для гэтай групы захворванняў характэрна змяненне паводзін клетак-абаронцаў — лімфацытаў. Яны, замест таго, каб актыўна распазнаваць чужародныя бактэрыі, грыбы, вірусы, і знішчаць іх, пачынаюць атакаваць ўласныя здаровыя клеткі[8][неаўтарытэтная крыніца?].
На позніх этапах рэўматоіднага артрыту проліфератыўныя працэсы (рост пануса) могуць не залежыць ад аўтаімунных механізмаў і падтрымліваюцца аўтаномна[9].
Пры аналізе крыві даследуюць хуткасць асядання эрытрацытаў (ХАЭ), рэўматоідны фактар (рэўма-фактар), колькасць трамбацытаў і г. д. Найбольш прагрэсіўным аналізам з’яўляецца тытр антыцелаў да цыклічнага цытрулін-змяшчальнага пептыда-АЛЦП, анты-ЦЦП, anti-CCP (Мазураў, 2005, с. 103).
Пры наяўнасці інфекцыі або падазрэнні на яе (сухоты, іерсініёз і т. п.) неабходная тэрапія адпаведным антыбактэрыйным прэпаратам. Пры адсутнасці яркіх пазасустаўных праяў (напрыклад, высокай ліхаманкі, сіндрому Фелці або полінеўрапатыя) лячэнне сустаўнага сіндрому пачынаюць з падбору несцероідных супрацьзапаленчых сродкаў (НПВС). У найбольш запалёныя суставы можна ўводзіць корцікастэроідныя прэпараты.
У 2022 годзе быў ухвалены азоралізумаб[10].
Міярэлаксанты не эфектыўныя для палягчэння боляў пры рэўматоідным артрыце.
Рэўматоідны артрыт скарачае працягласць жыцця ў сярэднім на 3—12 гадоў[11]. Даследаванні 2005 года, праведзенае Клінікай Маё, паказала, што рызыка сардэчных захворванняў у два разы вышэй у людзей, якія пакутуюць рэўматоідным артрытам[12], незалежна ад іншых фактараў рызыкі, такіх як дыябет, алкагалізм, павышаны халестэрын і атлусценне. Механізм, з-за якога павышаецца рызыка сардэчных захворванняў, невядомы; наяўнасць хранічнага запалення лічыцца значным фактарам[13]. Магчыма, выкарыстанне новых біялагічных прэпаратаў здольна павялічыць працягласць жыцця і знізіць рызыкі для сардэчна-сасудзістай сістэмы, а таксама запаволіць развіццё атэрасклерозу[14]. Абмежаваныя даследаванні дэманструюць зніжэнне рызык сэрцава-судзінных захворванняў, пры гэтым назіраецца рост агульнага ўзроўню халестэрыну пры нязменным індэксе атэрагеннасці[15]..
Самыя першыя сляды рэўматоіднага артрыту належаць да 4500 года да н. э. Яны былі выяўленыя на выкапнёвых фрагментах шкілетаў індзейцаў, знойдзеных у Тэнэсі, ЗША. Першы дакумент, які апісвае сімптомы, вельмі нагадваюць сімптомы рэўматоіднага артрыту, датуецца 123 годам. Сімптомы рэўматоіднага артрыту адзначалі ў людзей, намаляваных на некаторых карцінах фламандскіх мастакоў[16], напрыклад, «Тры грацыі» Рубенса.
Першае апісанне рэўматоіднага артрыту як самастойнай назалагічнай формы (пад назвай першаснай астэнічнай падагры — la goutte asthénique primitive) было выканана ў 1800 годзе Агюстэнам Жакобам Ландре-Бавэ[17] па выніках назіранняў у шпіталі Сальпетрыер пад кіраўніцтвам Філіпа Пінеля. Захворванне атрымала сваё сучаснае імя ў апублікаваным 1859 годзе «Трактат пра прыроду і лячэнне падагры і рэўматычнай падагры»[18] Альфред Бэрынг Гаро.