Салідарнасць (прафсаюз)

Лагатып і сцяг «Салідарнасці»: слова «Solidarność» з польскім сцяжком, «прымацаваным» да літары N.
Стачка ў Гданьскай верфі

Незалежны самакіроўны прафесійны саюз «Салідарнасць» (польск.: Niezależny Samorządny Związek Zawodowy «Solidarność», скарочана NSZZ Solidarność) — незалежны прафесійны саюз працоўных, створаны ў верасні 1980 года ў Польшчы, які пасля перарос у шырокі грамадска-палітычны рух і зрабіў значны ўнёсак у барацьбу польскага народа з камуністычнымі ўладамі.

Паўстанне руху

[правіць | правіць зыходнік]

Як заўважыў Радослаў Сікорскі «Салідарнасць» была ў пэўным сэнсе адказам на крах даволі паспяховай эканамічнай палітыкі часоў Эдварда Герэка ў 1970-х гадах[1].

Прафсаюз паходзіць са страйкавага руху працаўнікоў улетку 1980. З самага пачатку працоўны рух быў маральна падтрыманы такімі польскімі інтэлектуаламі, як Тадэвуш Мазавецкі, Яцэк Курань, Адам Міхнік, Ёжэф Тышнер ды іншымі прадстаўнікамі крытычна настроенай да камуністаў польскай інтэлігенцыі, а таксама каталіцкай царквой. Істотная практычная падтрымка страйкавага руху таксама надышла з краін Захаду: ЗША, ФРГ ды інш.

Прычынай вялікай хвалі маніфестацый стала падвышэнне цэн на мяса 1 ліпеня 1980 г. Спачатку страйкі мелі лакальны характар, але неўзабаве пашырыліся па ўсёй Польшчы. Повадам для выбуху страйку 14 жніўня на гданьскай верфі імя Леніна стаў загад дырэкцыі пра звальненне з працы кранаўшчыцы Ганны Валентыновіч, якая была сімвалічнай фігурай на ўсім Балтыйскім узбярэжжы яшчэ з часоў страйку 1970 г.

Адразу быў заснаваны страйкавы камітэт на чале з Лехам Валенсам. Камітэт высунуў патрабаванне з 21 палітычных, сацыяльных і эканамічных тэзаў, дзе цэнтральным пунктам была згода камуністычнай дзяржавы з існаваннем незалежных прафсаюзаў. Пасля доўгіх перамоў 31 жніўня камуністычны ўрад мусіў прыняць гэтую ўмову.

«Салідарнасць» стала першым у краінах савецкага блоку незалежным грамадскім рухам у форме прафесійнага саюза, які аб’яднаў пад лозунгам мірных змен прадстаўнікоў усіх слаёў грамадства. У шэрагі «Салідарнасці» ўвайшлі амаль 10 млн чалавек, кожны трэці дарослы паляк. Сярод іх былі нават сябры камуністычнай партыі Польшчы.

Пад ціскам СССР з аднаго боку, а з іншага — з-за прагнення любым коштам утрымаць у краіне ўладу Польскай аб’яднанай рабочай партыі група ваенных на чале з міністрам абароны Польшчы генэралам Войцехам Ярузэльскім абвясціла пра ўвядзенне ў ноч на 13 снежня 1981 года ваеннага становішча, фактычна ўвёўшы ў краіне ваенную дыктатуру на ўзор ваенных хунтаў краін Лацінскай Амерыкі. У вялікіх гарадах была ўведзеная каменданцкая гадзіна ды вайскова-паліцэйскае патруляванне. Кіраўнікі апазіцыі, у тым ліку Лех Валенса, былі арыштаваныя і інтэрнаваныя. 8 кастрычніка 1982 пасля прыняцця новага закону аб прафсаюзах «Салідарнасць» была цалкам забароненая і вымушаная перайсці да падпольных форм працы.

Тым не меней, грамадская незадаволенасць, якая ўзрастала цягам наступных гадоў, сіла апазіцыі і ўплыў царквы, эканамічныя праблемы і міжнародная сітуацыя змусілі ўладу да шэрагу саступак. Былі праведзеныя палавінчатыя рэформы палітычнай сістэмы, укараняючы прынцыпы, што выкарыстоўваюцца ў дэмакратычных ладах.

Найбольш актыўныя сябры «Салідарнасці», асабліва яе правае крыло, перайшлі да падпольных форм барацьбы. У чэрвені 1982 ва Уроцлаве паўстала падпольная палітычная арганізацыя «Салідарнасць, што змагаецца» (спярша пад назвай «Угода салідарнасці, што змагаецца»). Ініцыятарам стварэння і кіраўніком арганізацыі стаў Корнэль Маравецкі, дэлегат 1-га З’езду прафсаюза «Салідарнасць» у Гданську (1981). У адрозненне ад «Салідарнасці» — грамадскага руху — гэта арганізацыя ад самага пачатку стала арганізацыяй з суворым сяброўствам, канспірацыяй і набыла палітычны характар.

Зноскі