Санджак-бей, або санджак-бек (турэцк.: Sancak Beyi) — кіраўнік санджака, ваенна-адміністрацыйнай адзінкі ў Асманскай імперыі. Санджак адпавядае акрузе, а кіраўнік санджака адначасова з’яўляўся начальнікам яго ўзброеных сіл[1].
Слова «санджак» літаральна азначала «сцяг». Гэтым словам вызначалася вайсковае фарміраванне, якое выстаўляла акруга. Адпаведна кіраўнік санджака лічыўся і камандзірам гэтага ваеннага атрада.
Санджак-бей меў тыя ж правы, што і бейлер-бей, але быў падпарадкаваны бейлер-бею. Яго правы распаўсюджваліся толькі ў межах сваёй акругі[2]. У абавязкі санджак-бея таксама ўваходзілі пагоня за бандытамі, праследаванне ератыкоў, забеспячэнне зброі і харчу для арміі і флоту[3].