Санорыка

Санорыка, санорная тэхніка (лац.: sonorus — звонкі, гучны) — тэхніка музычнай кампазіцыі, якая аперуе тэмбрагучаннямі, адпаведна з іх спецыфічнымі іманентнымі заканамернасцямі. У санорнай кампазіцыі кампазітар трактуе групу гукаў не ў сэнсе акорда, а як адзіны каларыстычны і/або экспрэсіўны (у шэрагу выпадкаў — кластарны) комплекс, званы санорам. Блізкія па значэнні паняцці, якія прымяняюцца ў іншых навуковых традыцыях: sonorystyka (Ю. Хаміньскі), музыка тэмбраў (Ц. Кагоўтэк), статыстычная кампазіцыя (К. Штокгаўзен), Klangmusik (Р. Фікер, Р. Траймер), Klangfarbenfeldtechnik (Э. Салменхаара), cluster technique (Г. Каўэл).