Са́рас (грэч. σάρος) або драканічны перыяд — прамежак часу, які складаецца з 223 сінадычных месяцаў (у сярэднім прыблізна 6585,3213 дзён ці 18,03 трапічных гадоў), па сканчэнні якога зацьменні Месяца і Сонца прыблізна паўтараюцца ў ранейшым парадку[1].
Гэты перыяд з’яўляецца вынікам таго, што 223 сінадычных месяца Месяца (18 каляндарных гадоў і 10 ⅓ ці 11 ⅓ дзён, у залежнасці ад колькасці высакосных гадоў у дадзеным перыядзе) амаль роўныя 242 драканічным месяцам (6.585,36 дзён), г.зн. праз 6585 ⅓ дзён Месяц вяртаецца да той жа сізігіі і да вузла арбіты. Акрамя таго, 239 анамалістычных месяцаў Месяца роўныя 6.585,54 дзён, так што адпаведныя зацьменні ў кожным сарасе наступаюць пры аднолькавым аддаленні Месяца ад Зямлі і маюць адну і тую ж працягласць[1]. На працягу аднаго сараса ў сярэднім адбываецца 41 сонечнае зацьменне і 29 месяцавых зацьменняў. Упершыню прадказваць месяцавыя зацьменні з дапамогай сараса навучыліся ў старажытным Вавілоне[2]. Больш дакладна прадказваць зацьменні дазваляе перыяд, роўны трайному сарасу — экселігмас (грэч. ἐξέλιγμος), які складаецца з цэлага ліку дзён. Экселігмас выкарыстоўваўся ў Антыкітэрскім механізме [3].
Вавілонскі гісторык Бероз называе сарасам каляндарны перыяд у 3600 гадоў; меншыя перыяды насілі назвы: нерас у 600 гадоў і сосас у 60 гадоў.