Свеаланд

Свеаланд

Свеаланд (швед. Svealand) — сярэдняя частка Швецыі, якая ахоплівае правінцыі Сёдэрманланд, Нерке, Вермланд, Вестманланд, Упланд і Даларна. Плошча рэгіёну складае 80.839 кв. км, колькасць насельніцтва - 3.610.400 жыхароў (2007).

Назва «Свеаланд» у значэнні «зямля свеяў» паўстала як проціпастаўленне Ёталанду (Гёталанду). Упершыню згадваецца ў 1422 г. у ландслазе караля Крыстафера, дзе выкарыстоўвалася ў адносінах да Нурданскугу, гэта значыць мясцовасці да поўначы ад Тыведэна і Кульмердэна. Карона гэтага старажытнага каралеўства ўваходзіць у герб Швецыі.

У 11-16 стст. на тэрыторыі Свеаланда склалася гістарычнае ядро шведскай дзяржавы.

Большую частку тэрыторыі Свеаланда займаюць нізінныя раўніны вакол азёр Меларэн, Ельмарэн, Венерн; на поўначы — узвышаны раён. Пераважаюць хвойныя лясы.

Вобласць дае больш за 40 % прамысловай прадукцыі краіны. Галіны прамысловасці: машына-будаўнічая, металаапрацоўчая, чорная металургія, цэлюлозна-папяровая.

У сельскай гаспадарцы пераважае збожжавае земляробства і малочная жывёлагадоўля.

Важнейшыя гарады і прамысловыя цэнтры: Стакгольм, Упсала, Вестэрос, Эскільстуна, Эрэбру, Карльстад.