Светлякі́[1] (Lampyridae) — сямейства жукоў, характэрнай асаблівасцю якіх з’яўляецца наяўнасць органаў свячэння на апошніх брушных сегментах. Сямейства налічвае каля 2000 відаў.
Органы свячэння часцей за ўсё размешчаны пад празрыстай куцікулай, утвораны буйнымі фотагеннымі клеткамі, якія шчыльна аплецены трахеямі і нервамі. Пад гэтымі клеткамі знаходзяцца адбівальнікі святла — клеткі, запоўненыя крышталямі мачавой кіслаты. Па трахеі да фотагенных клетак паступае кісларод, неабходны для акісляльных працэсаў. Здольнасцю свяціцца валодаюць не толькі імага жукоў, але і іх лічынкі і яйкі.
У 2021 годзе міжнародная навуковая група абвясціла аб выяўленні продка светлякоў, узрост якога складае 100 мільёнаў гадоў. Закамянелыя казуркі добра захаваліся ў знойдзеным у М’янме кавалку бурштыну. Па сцвярджэнні навукоўцаў, яны належаць да сямейства Cretophengodidae, якое ўяўляе сабой родапачынальніка сённяшніх светлякоў. Продкі светлякоў, імаверна, выкарыстоўвалі светлавыя сігналы для абароны ад натуральных ворагаў, уключаючы мурашак, жаб і птушак — яны не свяціліся, як цяперашнія жукі-светлячкі для прыцягнення партнёраў і спарвання[2].