Сграфіта

На сграфіта на фасадзе дома «Каля хвіліны» ў Старым горадзе Прагі

Сграфі́та, або графіта (італ. sgraffito, graffito — літ. выдрапаны) — від манументальнага дэкаратыўнага жывапісу, прынцыпы і тэхніка якога заснаваныя на прадрапванні верхняга тонкага слою тынкоўкі да наступнага слою, па колеры кантрастнага першаму. Вызначаецца трываласцю і ўстойлівасцю да атмасферных змен. Выкарыстоўваецца пераважна для аздаблення фасадаў і інтэр'ераў будынкаў. Вядома з эпохі Адраджэння ў Італіі, пазней у Чэхіі, Польшчы і іншых еўрапейскіх краінах.

Фрагмент сграфіта на фрызе касцёла кляштара брыгітак у Гродне

На Беларусі рэшткі сграфіта захаваліся на сценах Старога замка (XVI ст., цяпер затынкаваны) і фрызе касцёла кляштара брыгітак (сярэдзіна XVII ст., рэстаўрыраваны ў 1978) ў Гродне. Цікавасць да сграфіта ў пэўнай ступені адрадзілася ў творах стылю класіцызму, пракладам чаго могуць служыць фрагменты сграфітавага дэкору ў Ружанскім палацы.

З другой паловы XX ст. выкарыстоўвалася ў манументальным мастацтве: дэкаратыўныя кампазіцыі ў фае кінатэатра «Кіеў» у Мінску (мастакі Г. Гаркуноў, А. Кішчанка), у кінатэатры «Беларусь» у Брэсце (маст. І. Крупскі), палацы культуры Мінскага камвольнага камбіната (мастакі Г. Вашчанка, У. Стальмашонак) і інш. У тэхніцы сграфіта працавалі беларускія мастакі Г. Вашчанка, С. Дамарад, Г. Жарын, А. Жгун, Л. Каленік, А. Кішчанка, У. Крываблоцкі, З. Літвінава, С. Рабашчук, С. Сакалоў, У. Стальмашонак, В. Чайка.