Себасцьян Курц (ням.: Sebastian Kurz; нар. 27 жніўня 1986, Вена, Аўстрыя) — аўстрыйскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, юрыст, дыпламат. Міністр замежных спраў і інтэграцыі Аўстрыі з 16 снежня 2013 па 2017 год. Самы малады міністр замежных спраў у свеце. Федэральны канцлер Аўстрыі з 2017 па 2019 год, паўторна з 2020 да 9 кастрычніка 2021 года.
Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Вене ў сям’і інжынера і настаўніцы. Адразу пасля школы пайшоў адслужыць тэрміновую службу ў войску. Пасля службы паступіў на юрфак Венскага ўніверсітэта.
У Аўстрыйскую народную партыю Курц уступіў у 17 гадоў. А ў 23 гады, студэнтам, стаў лідарам моладзевага крыла АНП. У красавіку 2011 стаў дзяржаўным сакратаром па справах інтэграцыі, а праз два гады, у 26 гадоў, узначаліў аўстрыйскае Міністэрства замежных спраў. Адметна, што на момант прызначэння міністрам Себасцьян Курц яшчэ з’яўляўся студэнтам і не меў скончанай вышэйшай адукацыі. Ён быў вымушаны пакінуць універсітэт на 13-м семестры, не давучыўшыся да дыплома.
15 кастрычніка 2017 года ў Аўстрыі прайшлі парламенцкія выбары. Першае месца заняла кансерватыўная Аўстрыйская народная партыя. Яе лідар, 31-гадовы Себасцьян Курц стаў Федэральным канцлерам Аўстрыі.
Новы канцлер Аўстрыі ў снежні заявіў, што Еўрасаюз павінен перагледзець сваю палітыку ў пытанні размеркавання мігрантаў. «Мігранты на сваім шляху ў Еўропу не хочуць у Балгарыю ці Венгрыю — з большага яны жадаюць трапіць у Германію, Аўстрыю ці Швецыю», — адзначыў Курц. Ён лічыць, што паколькі мяжа паміж эканамічнымі мігрантамі і ўцекачамі размытая, то лепш дапамагаць ім унутры іх уласных краін, а калі не атрымліваецца гэта — то ўнутры іх краін-суседак.
У студзені 2018 года Федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц выступіў за паэтапную адмену санкцый, уведзеных у дачыненні да Расіі.
На выбарах у Еўрапарламент 26 мая 2019 года Аўстрыйская народная партыя перамагла з 35,4 % галасоў.
27 мая 2019 года парламент Аўстрыі вынес вотум недаверу канцлеру Себасцьяну Курцу на фоне ўрадавага крызісу. Рашэннем парламента Себасцьяна Курца і членаў яго ўрада адхілілі[5][6]. Урадавы крызіс разгарэўся ў Аўстрыі пасля таго, як нямецкія журналісты апублікавалі відэа, на якім віцэ-канцлер Аўстрыі і лідар ультраправай Аўстрыйскай партыі свабоды (якая ўваходзіла ў кіруючую кааліцыю) Хайнц-Крысціян Штрахэ перад выбарамі ў парламент 2017 года вядзе перамовы з нібыта пляменніцай расійскага алігарха на Ібіцы; меркавалася, што тая павінна была дапамагчы віцэ-канцлеру перамагчы на выбарах, за што ён паабяцаў перадаць ёй частку дзяржзамоў ў галіне будаўніцтва[7].
Аднак АНП перамагла на датэрміновых выбарах, набраўшы 38,4 % галасоў. Яе лідар змог дамовіцца аб урадавай кааліцыі з «Зялёнымі». 7 студзеня 2020 года Себасцьян Курц ізноў узначаліў Аўстрыю, заняўшы пасаду канцлера краіны[8].
У 2021 годзе Пракуратура Аўстрыі заявіла, што вядзе расследаванне ў дачыненні да Себасцьяна Курца і дзевяці яго набліжаных па справе аб карупцыі і хабарніцтве. Сутнасць абвінавачванняў у тым, што ў 2016—2018 гадах «сродкі Міністэрства фінансаў былі выкарыстаныя для фінансавання часткова падтасаваных апытанняў грамадскай думкі, якія служылі выключна палітычным і партыйным інтарэсам». У прыватнасці, па версіі пракуратуры, урад купляў у СМІ рэкламу ў абмен на размяшчэнне выгадных для партыі Курца публікацый. 9 кастрычніка 2021 года Канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц абвясціў аб зыходзе ў адстаўку на фоне расследавання пракуратуры супраць яго[9]. Яго сыходу з пасады патрабавалі апазіцыйныя партыі — Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі (СПА), ліберальная «Новая Аўстрыя» і правапапулісцкая Аўстрыйская партыя свабоды (АПС)[10].