Вечназялёныя хваёвыя дрэвы. Адносяцца да найвышэйшых дрэў (вышыня ствала 110—112 м, дыяметр 6—10 м). Жывуць больш за 3000 гадоў.
Крона вузкаканічная, з гарызантальнымі ці адхіленымі ўніз галінамі і чырванавата-карычневай тоўстай (да 35 см), валакністай, рабрыстай і маршчыністай карой. Лісце (ігліца) 15–25 мм даўжынёй, чаргаванае, лінейнае або лінейна-ланцэтнае, размешчана грабеньчата ў два рады.
Мікрастробілы (мужчынскія шышкі) даўжынёй 2–5 мм. Мегастробілы (жаночыя шышкі) прадаўгаватыя ці шарападобныя, даўжынёй 1,5–3,2 см. Насенне з доўгімі крыльцамі. Драўніна светла-чырвоная.
Эндэмік паднёвага захаду ЗША. Трапляецца на ўзбярэжжы, у гарах Каліфорніі і Паўднёвага Арэгона. Адно з нешматлікіх хвойных дрэў, здольных да вегетатыўнага размнажэння пнёвай пораслю, утварае парасткавыя прыбярэжныя лясы. Разам з секвоядэндранам — афіцыйны сімвал штата Каліфорнія.
У Еўропе і Азіі рэшткі секвоі выяўлены ў юрскіх і ніжнемелавых пластах. Разводзіцца ў Паўночнай Амерыцы, Еўропе, Новай Зеландыі, Паўднёвай Афрыцы.