Секта

Ілюстрацыя з каталога сект (каля 1647)

Се́кта (лац.: secta — школа, вучэнне, ад лац.: sequor — прытрымліваюся) — паняцце (тэрмін), які выкарыстоўваецца для абазначэння рэлігійнай групы, якая адлучылася ад асноўнага рэлігійнага кірунку або ўказвае на арганізаваную традыцыю, якая мае свайго заснавальніка[1], як у будызме.

У некаторых крыніцах паняцце «секта» тлумачыцца шырэй[2][3]. Так завецца любая група (рэлігійная ці нерэлігійная, якая адлучылася або новая), якая мае сваё вучэнне і сваю практыку, адрозныя ад пануючай царквы ці ідэалогіі. У будызме і індуізме слова «секта» скарыстоўваецца досыць часта, не мае негатыўнага адцення і азначае самастойныя плыні, з'яўляючыся аналогам слова «школа».

Секты ў гісторыі

[правіць | правіць зыходнік]

Секты вылучаліся ў гісторыі бадай што са ўсіх дастаткова ўплывовых рэлігій. I стагоддзе да н.э.II стагоддзе ад нараджэння Хрыстова — час росквіту сектаў гнастычнай накіраванасці ў межах паганства. У іўдаізме таго ж часу вядома секта назарэяў; на палажэнні секты апынулася толькі што створаная хрысціянская Царква. У XI стагоддзі надзвычай моцны ўплыў на поўдні Еўропы мела секта катараў, у той жа час у Багдадскім халіфаце была моцнай секта гашышынаў (асасінаў). У Расійскай Імперыі існавалі секты малакан, духабораў, хлыстоў.

Таталітарныя секты

[правіць | правіць зыходнік]

Тэрмін таталіта́рная секта (таксама ўжываецца тэрмін неаку́льт) узнік у другой палове XX стагоддзя ў дачыненні да асаблівага тыпу рэлігійных арганізацый, колькасць якіх няўхільна ўзрастае з канца Другой сусветнай вайны. Таталітарным сектам уласцівы жорсткі ціск і кантроль ва ўсіх сферах жыцця адэптаў з боку лідараў секты, прымушэнне адэптаў да поўнага падпарадкавання. Таталітарныя секты часцей за ўсё ствараюцца дзеля атрымання багацця ды ўлады, рэлігійны складнік у іх з’яўляецца другасным — кіраўнікі секты могуць змяняць яе веравучэнне па ўласным жаданні, могуць нават самі не прымаць гэтага веравучэння. У таталітарных сектах, як правіла, мае месца так званы «эзатэрычны разрыў»: новым вернікам недаступная поўная інфармацыя пра ідэалогію і дзейнасць секты, некаторымі звесткамі валодае толькі кіруючае кола секты. Карыстаючыся агрэсіўнымі спосабамі ўздзеяння на псіхіку, лідары таталітарных сект фарміруюць у адэптаў варожы настрой да людзей па-за сектай, гатоўнасць выконваць любыя загады лідара. Ад вернікаў амаль заўжды патрабуюць ахвяраваць секце ўсю сваю маёмасць (адразу ці паступова) і быць гатовымі аддаць здароўе ці жыццё дзеля дабрабыту секты і яе кіраўнікоў. Людзям, якія ўцяклі з таталітарных сект, патрэбная шматгадовая рэабілітацыя і псіхалагічная дапамога. Сярод сектантаў назіраецца вялікая колькасць самагубстваў.

У лістападзе 1978 года вялікі рэзананс выклікала масавае самагубства секты «Народны храм» у Гаяне, у 1993 годзе — секты «Галіна Давіда», пазней — сект «Храм Сонца» і «Нябесныя вароты». У сакавіку 1995 года секта «Аум Сінрыкё» здзейсніла тэрарыстычны акт у метро горада Токіа з ужыццем хімічнай зброі, планаваўся яшчэ шэраг тэрактаў, якія былі папярэджаныя японскімі ўладамі. 17 сакавіка 2000 года па загаду лідара секты «Рух за адраджэнне дзесяці запаведзяў Бога» (Уганда) былі забіты больш за 500 сектантаў. Сёння ў шматлікіх цывілізаваных краінах таталітарныя секты забараняюцца і пераследуюцца законам. Найбольш вядомыя ва ўсім свеце таталітарныя секты: мармоны (гістарычна першая суполка гэтага тыпу, сёння найбольш сацыялізаваная з іх), «Сведкі Іеговы», «Царква саенталогіі», «Рух аб'яднання» С. Муна, «Міжнародае таварыства свядомасці Крышны», «Трансцэндэнтальная медытацыя» Махарышы, «Царква Хрыста».

Зноскі

  1. Alex Michaels Архівавана 25 студзеня 2009. «Hinduism past and Present» (2004) Princeton University Press, ISBN 0-691-08952-3, translated from German «Der Hinduismus» (1998) page 319
  2. Безнюк Д. К. Секта(недаступная спасылка) / Религия: Энциклопедия / сост. и общ. ред. А. А. Грицанов, Г. В. Синило. — Минск: Книжный Дом, 2007.— 960 с.— (Мир энциклопедий)
  3. Дворкин А. Л. Сектоведение. Тоталитарные секты. Опыт систематического исследования. — М.: Хрысціянская бібліятэка, 2007. — 816 с. — ISBN 5-88213-050-6.