Се́рпухаў[2] (руск.: Се́рпухов) — горад у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Серпухаўскага раёна Маскоўскай вобласці. Вылучаны ў самастойную адміністрацыйна-гаспадарчую адзінку з непасрэдным падпарадкаваннем выканкаму абласнога Савета 14 верасня 1939 года. Цяпер — муніцыпальнае ўтварэнне «Гарадская акруга Серпухаў».
Назва паселішча ад назвы рэчкі Сярпеі, каля ўцякання якой у Нару (прыток Акі) на высокім мысе паўстала паселішча. Назва Сярпея (таксама Сярпейка[3]) балцкага паходжання.
Найбліжэйшыя адпаведнікі — рачныя назвы Сярпея (прыток Угры на Павоччы)[4], Сярпейка (< Сярпея, прыток сожскай Проні)[5]. Адпачатная іх назоўная форма — *Sirpeja.
Корань Sirp- звязаны з літоўскім sirpti «спець; чырванець». Далей да індаеўрапейскага *ser- «чырвоны, чырванаваты»[6], ад якога і назва дзвінскай ракі Сярцея (< sartas «чырванаваты»). Адценнем вады матываваныя і назвы тыпу Зэльва, Золва (< žalvas «зеленаваты»).
У назве Сярпея балцкі гідранімічны пашыральнік -ej-, як у водных назвах Асвея, Мярэя, Вярэя. Пашыральнік -ej- выкарыстоўваецца ў літоўскім слова- і назваўтварэнні (tekėti «цячы» — tekėja «цячэнне»)[7]. Блізкія пашыральнікі -ij-, -uj- у водных назвах тыпу Ілія, Бабруя.
Назва ракі Сярпея значыла «Чырванаватая (рака)» і адлюстроўвала адценне рачной вады.
Серпухаў у складзе шэрагу гарадоў з назвамі балцкага гідранімічнага паходжання, што дугой атачаюць Маскву з заходняга боку (Валакаламск, Руза, Мажайск, Нара-Фамінск, Вярэя)[8].
Насельніцтва — 123,1 тыс. чалавек (2010). Плошча горада складае 37,5 км². Горад з’яўляецца цэнтрам Серпухаўскай гарадской агламерацыі насельніцтвам звыш 260 тысяч жыхароў.
Горад размешчаны на рацэ Нара пры яе ўпадзенні ў Аку[9], за 99 км ад Масквы. Прыстань на рацэ Ака[2].
На тэрыторыі Серпухава дзейнічае каля 150 буйных і сярэдніх прадпрыемстваў і арганізацый усіх сфер эканомікі, больш за 1600 арганізацый малога бізнесу (уключаючы мікрапрадпрыемствы). Прамысловыя прадпрыемствы горада вырабляюць электрарухавікі рознага прызначэння, электрычныя машыны малой магутнасці, гіраскапічныя прыборы і вырабы дакладнай механікі для навігацыйных сістэм, сістэм арыентацыі і стабілізацыі лятальных апаратаў, хімічныя валокны і ніткі, цеплаізаляцыйныя матэрыялы, жалезабетонныя вырабы, металаканструкцыі, сістэмы ахоўнай сігналізацыі, кандэнсатары (КВАР), медыцынскую тэхніку, прадукты харчавання.
У СССР быў добра вядомы серпухаўскі машынабудаўнічы завод «Металіст», акрамя прадукцыі абароннага прызначэння, з 1975 года ён выпускаў папулярныя бытавыя пыласосы маркі «Тайфун».
↑Г. П. Смолицкая. Гидронимия бассейна Оки. Москва, 1976. С. 97.
↑Г. П. Смолицкая. Гидронимия бассейна Оки. Москва, 1976. С. 45.
↑В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 207.
↑J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 910—911.
↑P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 84.
↑В. Н. Топоров. Древняя Москва в балтийской перспективе // Балто-славянские исследования. 1981. Москва, 1982. С. 35—36.
↑Географический энциклопедический словарь: Географические названия (руск.) / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев, А. Г. Воронов и др. — М.: Сов. энциклопедия, 1983. — С. 296. — 538 с. — 100 000 экз.
↑Оценка населения по «сотной» князя В. Фуникова от 1552 года
Се́рпухов // Большой словарь географических названий (руск.) / Гл. ред. В. М. Котляков. — Екатеринбург: У-Фактория, 2003. — С. 581. — 832 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-94799-148-9.
Се́рпухов // Географический энциклопедический словарь: Географические названия (руск.) / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев (зам. гл. ред.) и др. — 2-е изд., исправл. и дополн. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 433. — 592 с. — 210 000 экз. — ISBN 5-85270-057-6.