Частка серыі артыкулаў на тэму |
Скандынавія |
---|
Скандынаўскія горы — горная сістэма на Скандынаўскім паўвостраве. Працягласць каля 1700 км, шырыня да 600 км. Заходнія схілы падыходзяць непасрэдна да Паўночнага мора, утвараючы стромкія берагі, знакамітыя нарвежскія фіёрды. Усходнія схілы плаўна зніжаюцца і пераходзяць у раўнінныя прасторы на тэрыторыі Швецыі.
Вышыня гор параўнальна невялікая. Самы высокі пункт — гара Гальхёпіген (нарв.: Galdhøpiggen), 2469 м, размешчаная ў паўднёвай частцы Нарвегіі. Самы высокі пункт на тэрыторыі Швецыі — гара Кебнекайсе (шведск.: Kebnekaise), 2111 м. На тэрыторыі Нарвегіі таксама знаходзіцца гара Глітэртын. Рэльеф згладжаны дзейнасцю старажытных ледавікоў. Сучасныя ледавікі Скандынаўскіх гор з'яўляюцца найбуйнейшымі ў мацерыковай Еўропе.
Горы складзены з крышталічных і метамарфічных парод, якія змяты ў складкі ў каледонскую эпоху; на ўсходзе злучаюцца з Балтыйскім шчытом. Пасля доўгай дэнудацыі горы перанеслі паўторнае падняцце ў кайназоі, якое ўтварыла сістэму блокаў, трэшчын і разломаў. Найбольшай амплітуды падняцці дасягнулі ў цэнтральнай і заходняй частках., што вызначыла зрушанасць водападзельных хрыбтоў на захад і значную шырыню ўсходніх схілаў. У чацвярцічны час Скандынаўскія горы траплялі пад покрыўнае зледзяненне, з чым звязана шырокае развіццё ледавіковых адкладаў і форм рэльефу.
Скандынаўскія горы ўяўляюць сабой рад выцягнутых з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад горных плато, якія расчлянёны тэктанічнымі далінамі на асобныя масівы. Вяршынныя паверхні — фіельды, серыя паднятых на вышыню больш за 2000 м пенепленаў. Найбольш высокія пласкагор'і ў паўднёвай частцы — Ютунхеймен, Хардангервіда, Юстэдалсбрэ, Тэлемарк, Доўрэфіель. Над сярэднім узроўні пласкагор'яў (ад 900 да 1700 м) узвышаюцца асобныя групы вяршынь і хрыбтоў з альпійскімі формамі рэльефу. У сярэдняй частцы Скандынаўскія горы прыкметна зніжаюцца. Іх перасякае Емтландская зона тэктанічных апусканняў — прадаўжэнне глыбока ўрэзанага ў сушу Тронхеймс-фіёрда. На поўначы распрасціраецца хр. Х'елен, перасечаны папярочнымі і падоўжнымі далінамі, над якімі ўздымаюцца завостраныя вяршыні з каравымі і даліннымі ледавікамі на схілах (г. Кебнекайсе, 2123 м). Крайняя поўнач — пласкагор'е Фінмаркен (300—500 м) з асобнымі астанцовымі вяршынямі. На захадзе горы амаль ушчыльную падыходзяць да ўзбярэжжа і моцна расчлянёныя. Вялікая колькасць фіёрдаў: самы доўгі ў Еўропе — Согне-фіёрд (даўж. 220 км, шыр. 5—6 км), Хардангер-фіёрд, Букн-фіёрд і інш. 3 боку мора фіёрдавае ўзбярэжжа акаймавана вузкай (30—60 км) паласой прыбярэжнай раўніны, утворанай у выніку маладых тэктанічных падняццяў (выш. да 40 м), дзе сканцэнтравана значная частка населеных пунктаў, гандлёвых і рыбалавецкіх партоў Нарвегіі. Карысныя выкапні: жалезныя, медна-нікелевыя, сульфідныя, тытанавыя руды.
Клімат умераны, пераважна акіянічны з халаднаватым летам, умерана халоднай зімой. Пад уплывам цёплага Паўночна-Атлантычнага цячэння сярэдняя тэмпература студзеня адносна высокая для гэтых шырот і зменьваецца ад 1 °C да −14 °C, сярэдняя тэмпература ліпеня ад 16 °C да 6 °C. Ападкаў на заходніх схілах да 3000 мм, на ўсходніх — 400—800 мм за год. Клімат фіельдаў характарызуецца нізкімі тэмпературамі зімовых і летніх месяцаў, што разам з вялізнай вільготнасцю вызначае развіццё сучаснага зледзянення. Снегавая лінія ляжыць на вышыні 700—800 м на поўначы, 1500—1700 м на поўдні. На захадзе яна ніжэйшая, чым на ўсходзе.
Агульная плошча зледзянення Скандынаўскіх гор каля 5 тыс. км². Найбольшыя ледавікі Юстэдалсбрэ, Фольгефані. Агульная колькасць ледавікоў і фірнавых палёў перавышае 2 тыс. Гэта самы вялікі ледавіковы рэгіён у кантынентальнай Паўночнай Еўропе.
Ледавікі, разам з атмасфернымі ападкамі і падземнымі водамі служаць крыніцамі жыўлення шматлікіх рэк. Тут сфарміравалася густая сетка кароткіх, але мнагаводных, парожыстых рэк. Асабліва кароткія і бурныя рэкі звяргаюцца з заходніх крутых горных схілаў. Яны жывяцца талымі водамі снягоў, ледавікоў і дажджавымі водамі. Гэтыя рэкі ніколі не замярзаюць, яны маюць вялікае энергетычнае значэнне. На ўсходніх схілах рэкі больш працяглыя — да 200—300 км. Рэчышчы іх вельмі маладыя, нераспрацаваныя, таму шмат парогаў і вадаспадаў. Гэтыя рэкі на працяглы час скоўваюцца ільдом — у паўднёвых раёнах да 4 месяцаў, а на поўначы — да 6. Жывяцца яны дажджавымі і талымі снегавымі водамі, летам здараюцца паводкі з-за таяння снегу ў гарах. Рачны сцёк нярэдка зарэгуляваны азёрамі. Самая працяглая рака — Глома (611 км).
Мноства невялікіх па плошчы азёр. Найбольшае — М'ёса (369 км²). Большасць азёр утварылася ў тэктанічных катлавінах, апрацаваных ледавікамі. Яны часта маюць выцягнутую форму, якая адпавядае напрамку тэктанічных трэшчын і руху ледавіка. На поўдні азёры ўтвараліся ў выніку падпруджвання рэк ледавіковымі адкладамі ці ў паніжэннях паміж марэннымі ўзгоркамі.
Скандынаўскія горы ўкрыты горна-таежнымі лясамі (хвоя, елка), асабліва на ўсходніх схілах. Лясы падымаюцца да вышыні 300—500 м на поўначы і 900—1100 м на поўдні. Вышэй паласа бярозавага крывалесся, далей на поўнач — пояс карлікавых бяроз, верб і шматгадовых траў, на крайняй поўначы — мохава-кусцікавая тундра. На самых вялікіх вышынях — пояс горных лугоў, імхаў і лішайнікаў. Фіельды бязлесныя, тут пераважае горна-тундравая хмызняковая і мохава-лішайнікавая расліннасць, якая месцамі чаргуецца з лугамі. Па рачных далінах растуць нізкастволыя бярэзнікі. На заходнім узбярэжжы і схілах пераважаюць бязлесыя фармацыі з лугамі і хмызнякамі, верасоўнікамі, тарфянікамі і балотамі. На поўдзень ад 61° пн.ш. сустракаюцца мяшаныя і шыракалістыя лясы (хвоя, елка, бяроза, дуб, ліпа).
Пад горнымі хвойнымі лясамі развіваюцца бедныя перагноем горна-падзолістыя глебы, а пад тундравай расліннасцю — маламагутныя тундравыя. Толькі на поўдні, месцамі ўздоўж заходняга ўзбярэжжа сустракаюцца прыдатныя для земляробства бурыя глебы.