Скаўцкі рух (англ.: Scouting) — сусветны юнацкі рух, які займаецца фізічным, духоўным і разумовым развіццём маладых людзей так, каб моладзь магла заняць канструктыўнае месца ў грамадстве. Гэта дасягаецца нефармальнай адукацыяй з акцэнтам на практычныя дзеянні на адкрытым паветры — скаўцкім метадам. Слова скаўт (англ.: scout) перакладаецца з англійскай, як выведнік. Таму скаўтынг таксама часам завецца выведніцтвам[1].
Скаўтынг узнік на пачатку XX стагоддзя. Асноўныя ідэі былі распрацаваны англійскім палкоўнікам Робертам Бадэн-Паўэлам (1857—1941) у кнігах «Інструкцыі для скаўтаў» (1898), «Мастацтва скаўтаў для маладых», «Скаўтынг для хлопчыкаў », «Юны выведнік». У 1907 годзе ён арганізаваў у Вялікабрытаніі першы лагер для бойскаўтаў, дзе на практыце былі ажыццёўлены ідэі скаўцкай сістэмы выхавання падлеткаў падчас забаўляльных гульняў, фізічных практыкаванняў і спаборніцтваў, гутарак пра ваеннае жыццё і подзвігах выведнікаў. У канцы 1907 года ў Вялікабрытаніі было каля 60 тыс. скаўтаў; у 1909—10 створаны групы дзяўчынак-выведніц — гёрлскаўты; у 1910 скаўцкія арганізацыі прызнаны адмысловай каралеўскай хартыяй. У 1921 арганізацыі скаўтаў дзейнічалі ў 63 краінах — Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Францыі, Швецыі, Брытанскай Індыі і іншых.
У 1972 бойскаўцкія арганізацыі існавалі ў 106 краінах і налічвалі, уключаючы сталых кіраўнікоў, 13 мільёнаў чальцоў (адна з самых шматлікіх бойскаўцкіх арганізацый — у ЗША, звыш 6 млн). Гёрлскаўцкія арганізацыі дзейнічалі ў 91 краіне і аб'ядноўвалі 6,5 мільёнаў чальцоў. Кантакты паміж бойскаўцкімі арганізацыямі розных краін ажыццяўляюць Міжнародны камітэт (12 чальцоў — прадстаўнікоў нацыянальных звязаў) і яго выканаўчы орган — Міжнароднае бюро байскаўтаў (штаб-кватэра — у Жэневе). Штаб-кватэра Міжнароднага камітэта і Міжнароднае бюро гёрлскаўтаў — у Лондане. Міжнароднае бюро скаўтаў праводзяць кожны год міжнародную радыёпераклічку скаўтаў, кожныя 2—3 гады — міжнародныя канферэнцыі кіраўнікоў нацыянальных скаўцкіх звязаў, маюць у розных краінах міжнародныя лагеры і цэнтры навучання і адпачынку скаўтаў, выдаюць літаратуру, метадычныя дапаможнікі, у тым ліку часопіс «Сусветны скаўтызм» (на англійскай і французскай мовах)[2].