Скварка — тое, што застаецца пасля вытоплівання з тканак жывёлы тлушчу, галоўным чынам з сала. У залежнасці ад ужытага суроўца можа змяшчаць пэўную колькасць мяса і тлушчу. У гастраноміі цэніцца за смак. Вельмі папулярная страва ў Сярэдняй і Усходняй Еўропе.
Скваркі можна ўжываць як самастойную страву, так і як адзін са складнікаў стравы. Ужываецца як дабаўка да мясных страў, як тлушч да пірагоў (таксама і салодкіх), часта дадаецца да бульбы. Разам з вытапленым тлушчам і цыбуляй выкарыстоўвацца як аздабленне і афарбоўка ежы.
Беларусы спажываюць скваркі радзей за ўкраінцаў. У Беларусі перавага традыцыйна аддаецца салу і паляндвіцы[1]. Таксама скваркі загортвалі ў дранікі, якія перад спажываннем мачалі ў вытаплены тлушч[2]. Выкарыстоўвалі скварку разам з сырой бульбаю для прыгатавання кішкі[3].
Выраз шырока выкарыстоўваецца ў беларускіх прыказках і, імаверна, паходзіць ад беларускай прымаўкі «Абы скварка і чарка, дык будзе там і наш Марка»[5].
У наш час выраз «чарка і скварка» набыў негатыўнае адценне і ўжываецца ў дачыненні да апалітычнай часткі беларускага грамадства[6][7][8][9], крытыкуючы яго засяроджванне выключна на побытавых праблемах замест надавання ўвагі таксама пытанням маральных і духоўных каштоўнасцей.