Складанае слова – слова з дзвюма і больш асновамі.
Складанне — такі спосаб словаўтварэння, пры якім з некалькіх утвараецца адно, складанае слова: частакол, прыродакарыстанне, далягляд.
Выдзяляюць наступныя тыпы складання:
1) словаскладанне, калі новае слова ўтвараецца з некалькіх самастойных (штораніцы, малавядомы, кілават–гадзіна);
2) асноваскладанне, пры якім аб’ядноўваюцца ў новае слова некалькі асноў, паміж якімі выкарыстоўваецца злучальная галосная (вялікарослы, светла-зялёны, чарнабровы);
3) асноваскладанне з адначасовым далучэннем суфікса, ці складана-суфіксальны спосаб (зернепагрузка, сталеліцейны, бурапенны).
Складанаскарочаныя словы (абрэвіятуры) могуць утварацца з:
1) частак слоў ці часткі і поўнага слова (гарпасёлак ад гарадскі пасёлак, селмаг ад сельскі магазін);
2) пачатковых літар ці гукаў слоў, пры гэтым абрэвіятура пішацца з вялікіх літар (НАН ад Нацыянальная акадэмія навук, ЦУМ ад Цэнтральны ўніверсальны магазін Мінска);
3) пачатковых літар і часткі слоў (БелТА ад Беларускае тэлеграфічнае агенцтва) і інш.
Утварэнне і правапіс складаных слоў. Складанаскарочаныя словы