Склеранхі́ма[1] — механічная тканка раслін, якая складаецца з таўстасценных, звычайна адраўнелых клетак двух тыпаў — валокны і камяністыя клеткі (склераіды[1]).
Валокны — моцна выцягнутыя празенхімныя клеткі. Іх даўжыня ад некалькіх дзясятых міліметра да 4 сантыметраў (у рамі). Маюць завужаныя канцы, слаістыя порыстыя сценкі і поравыя каналы. Яны забяспечваюць механічную трываласць органаў раслін. У многіх раслін валокны складаюць механічную абкладку праводзячых пучкоў.
Неадраўнелыя валокны склеранхімы з цэлюлознымі сценкамі (джут, каноплі, кенаф, лён і інш.) з’яўляюцца сыравінай у тэкстыльнай прамысловасці. З цвёрдых валокнаў (напрыклад, агавы, некаторых відаў пальмаў) вырабляюць канаты, вяроўкі, грубыя тканіны.