Скрапбукінг, скрэпбукінг (англ.: scrapbooking, ад англ.: scrapbook: scrap — выразка, book — кніга, літар. «кніга з выразак») — від рукадзельнага мастацтва па вырабу і афармленню сямейных або асабістых фотаальбомаў.
Гэты від творчасці ўяўляе сабой спосаб захоўвання асабістай і сямейнай гісторыі ў выглядзе фатаграфій, газетных выразак, малюнкаў, запісаў і іншых памятных дробязяў, выкарыстоўваючы адмысловыя візуальныя і тактыльныя прыёмы замест звычайнага аповеду.[1][2] Асноўная ідэя скрапбукінгу — захаваць фатаграфіі і іншыя памятныя рэчы пра якія-небудзь падзеі на працяглы тэрмін для будучых пакаленняў.
Варта заўважыць, што скрапбукінг не абмяжоўваецца стварэннем класічных альбомаў[3] — у калекцыях майстроў скрапбукінгу сустракаюцца таксама альбомы—акардэоны (лепарэла), альбомы ў выглядзе хатак, альбомы ў выглядзе скрыначак/кошыкаў, і нават асобныя паштоўкі (так званы кардмэ́йкінг або кардмэйкінг, англ.: cardmaking, літар. «выраб паштовак»).[4] Існуе і так званы «лічбавы скрапбукінг», які выкарыстоўвае для афармлення і ўпрыгажэння фатаграфій розныя камп'ютарныя праграмы (універсальныя графічныя рэдактары ці спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне для апрацоўкі фатаграфій і апраўлення рамкамі рознага выгляду і формы, напрыклад Scrapbook MAX!, Wondershare Scrapbook Studio, PhotoMix, ScrapbookFlair, ArcSoft Scrapbook Creator Memories Edition і «Мастер Коллажей»[5])[6]. Пры дапамозе стандартных сродкаў у праграмах ствараецца выгляд асобнай старонкі ці цэлага фотаальбома, якія потым могуць быць выведзеныя на друкаванне, або захаваны ў выглядзе файлаў у графічных фарматах.
Працу па стварэнні скрапбукаў спрашчае мноства шаблонаў, нарыхтовак самых розных формаў, якія выкарыстоўваюць розныя віды мацаванняў (кольцы, стужкі, спружынкі). Можна і самому вырабіць нарыхтоўку, выразаўшы яе з шчыльнага кардона, у выглядзе сілуэтаў сэрца, замка, хаткі, кветачкі і іншых дэкаратыўных элементаў.