Слаістыя воблакі, пластаватыя воблакі[1] (Stratus, St) — шэры воблачны слой з дастаткова аднароднай асновай, з якога могуць выпадаць імжа, ледзяныя іголкі і снежныя зерні.
Звычайна гэтыя воблакі закрываюць усё неба шэрай заслонай, але зрэдку могуць назірацца ў выглядзе парваных воблачных мас. Часта ніжняя паверхня іх бывае парванай, касмыкаватай.
Размешчаны на вышыні да 2 км. Складаюцца пераважна з кропель (пры нізкіх тэмпературах пераахалоджаных). Узнікаюць у выніку ахаладжэння паветра ад подсцільнай паверхні і дадатковага ахаладжэння ў працэсе турбулентнасці; на ўтварэнне ўплывае і турбулентны перанос вадзяной пары знізу і ўвільгатненне паветра ападкамі, якія выпадаюць з воблакаў іншых тыпаў.
3 найбольш магутных і шчыльных слаістых воблакаў выпадаюць слабыя атмасферныя ападкі.
Слаістыя воблакі падзяляюцца на наступныя віды:[2]
Слаістыя туманападобныя (Stratus nebulosus, St neb.) — аднародныя воблакі шэрага ці жоўта-шэрага колеру, нізка размяшчаюцца над зямной паверхняй.
Слаістыя хвалістыя (Stratus undulatus, St und.) — воблакі шэрага ці жоўта-шэрага колеру, на ніжняй паверхні якіх слаба праглядваюцца хвалі ў выглядзе чаргавання больш цёмных і светлых частак.
Слаістыя разадраныя (Stratus fractus, St fr.) — гэта намнажэнне асобных воблакаў з разадранымі краямі або касмыкаватага покрыва з абвіслымі камякамі;
разадрана-дажджавыя (Stratus fractonimbus, St frnb.) — нізкія шэрыя, змрочныя, падраныя воблакі, утвараюцца пад слоем воблакаў, з якіх выпадаюць ападкі.