Слова года — найбольш адметны панятак (слова ці фраза), які адлюстроўвае характар і падзеі года, часта ім становяцца неалагізмы. Слова года абіраюць у многіх краінах і для гэтага выкарыстоўваюць розныя падыходы і крытэрыі. Упершыню слова года было абвешчана ў Германіі Таварыствам нямецкай мовы (Gesellschaft für deutsche Sprache) у 1971 годзе. Па-беларуску, слова года выбірае Радыё Свабода з 2014 года.
У 2014 годзе Радыё Свабода правяло апытанне мовазнаўцаў і заснавальнікаў і выкладчыкаў курсаў беларускай мовы пра найбольш адметнае слова года. Яны назвалі наступныя: вышыванка, вышымайка, вышыватнік, імбрык і мова[1] Пазней[2] мовазнаўца і аўтар Радыё Свабода Вінцук Вячорка адзначыў, што словамі года былі вышыванка і вышымайка, названыя адразу некалькімі экспертамі.
У 2015 годзе ад імя Радыё Свабода Вінцук Вячорка назваў[2] словам года слова набелістка[3].
У 2016 годзе галасаваннем журналісты і аўтары Радыё Свабода выбралі словам года беларусафоб[4].
У 2017 годзе словам года было названа дармаед. Аўтары, а таксама слухачы і чытачы Радыё Свабода прапанавалі свае варыянты ў сацыяльных сетках, пасля чаго журналісты прагаласавалі за слова «дармаед»[2].
У 2018 годзе слухачы, чытачы, мовазнаўцы, журналісты і рэдактары Радыё Свабода з вялікім адрывам выбралі словам года скарачэнне БНР: стагоддзе Беларускай народнай рэспублікі шырока святкавалася ў тым годзе[5].
У 2019 годзе спіс кандыдатаў на слова года быў зноў складзены журналістамі Радыё Свабода. Удзельнікі моўнай суполкі Фэйсбуку «Толькі пра мову», якую стварыў Вінцук Вячорка, скарацілі спіс да пяці кандыдатаў, пасля чаго слухачы і чытачы Радыё Свабода ў сацыяльных сетках выбралі з іх слова года — Каліноўскі.[6] У 2019 г. яго парэшткі былі знойдзеныя і перапахаваныя ў Вільні.
Таварыства нямецкай мовы вызначае слова года (ням.: Wort des Jahres) з 1972 года. З 1991 года яно таксама стала вызначаць «антыслова года» (ням.: Unwort des Jahres). У іншых нямецкамоўных краінах — Аўстрыі, Ліхтэнштэйне, Швейцарыі — таксама вызначаюць слова года[7].
З 1991 года Амерыканскае дыялектычнае таварыства пачало вызначаць адно або некалькі слоў года ў ЗША. Акрамя асноўнай катэгорыі слова года, часам вызначаюцца таксама іншыя: самае карыснае слова года, самае крэатыўнае, самае непатрэбнае, самае абуральнае, самае еўфэмістычнае і больш.
У ЗША выдавец слоўнікаў Merriam-Webster вызначае слова года з 2003 года на падставе аналізу наведвання слоўнікавых рэсурсаў, а з 2006 года — на падставе прапаноў і галасавання наведвальнакаў вэбсайта[8].
З 2006 года Нацыянальны слоўнікавы цэнтр Аўстраліі (англ.: Australian National Dictionary Centre) абвяшчае слова года, якое выбіраюць супрацоўнікі рэдакцыі з увагі на адметны статус, які слова атрымала ў аўстралійскім сацыяльным і культурным жыцці[9].
Macquarie Dictionary аўстралійскай англійскай мовы выбірае слова года з 2016 года ў двух намінацыях: выбар камітэта экспертаў і выбар публікі[10].
У Вялікабрытаніі выдавец «Слоўніка англійскай мовы Collins» (англ.: Collins English Dictionary) абірае слова года з 2013 года, у тым ліку на падставе статыстычнай частаты ўжытку[11].
Oxford University Press, выдавец «Оксфардскага слоўніка англійскай мовы» (англ.: Oxford English Dictionary) вызначае слова года ў Вялікабрытаніі і ЗША. Часам яны супадаюць, часам — не[12].
У Даніі слова года выбіраецца з 2008 года нацыянальным радыё (дацк.: Danmarks Radio) і Саветам дацкай мовы (дацк.: Dansk Sprognævn).
У Японіі выбіраюць «кандзі года». Кандзі — японскія іерогліфы кітайскага паходжання, якімі запісваюць аснову слова.
Ва Украіне апытанне слова года праводзіцца з 2013 года слоўнікам «Мыслово»[13].
У Расіі выбар слова года ажыццяўляецца экспертнай супольнасцю лінгвістаў, педагогаў, пісьменнікаў, журналістаў, сацыёлагаў і культуролагаў з 2007 года.