Смерць ад смеху — досыць рэдкая і спецыфічная з'ява, пры якой доўгі і некантралюемы смех робіцца прычынаю біялагічнай смерці чалавека. У большасці выпадкаў працяглы смех з'яўляецца прычынай сардэчнай недастатковасці. Да таго ж, смерцю ад смеху часам лічыцца гібель, якая выкліканая стратай самакантролю падчас прыступу рогату.
Існуе некалькі гістарычных прыкладаў смерці ад смеху, некаторыя з іх можна лічыць дакладнымі.
У III ст. да н.э. філосаф Хрысіп пачаставаў свайго асла віном, а неўзабаве памёр ад смеху, гледзячы, як жывёла спрабуе есці інжыр.
Ёсць згадкі, што бірманскі кароль Нандабаін памёр ад смеху ў 1599 годзе, калі даведаўся, што Венецыя з'яўляецца дзяржаваю без караля.
У 1660 г. шатландскі арыстакрат, пісьменнік і перакладчык Томас Уркхарт па адной з версій памёр ад смеху, даведаўшыся пра рэстаўрацыю Карла II.
7 лістапада 1893 г. вядомы кубінскі паэт Хуліан дель Касаль вячэраў з сябрамі, адзін з гасцей распавёў анекдот, ад якога ў паэта пачаўся бескантрольны прыступ рогату. Смех выклікаў разрыў анеўрызмы аорты, крывацёк і раптоўную гібель.